Пропаведзь на 9-ю Нядзелю пасля Зыходу Святога Духа

Аўтар: а.Зміцер - .

Аб'яўленні Валадарства суправаджаюць Ісуса на працягу ўсяго Яго зямнога служэння. Гэта зусім не патрабавала ад Яго нейкіх асаблівых высілкаў. Намаганняў патрабавала служэнне, само знаходжанне ў паўшым свеце сярод паўшых людзей, якім трэба было аддаць усё, не разлічваючы ні на якую падзяку. А паўната Валадарства, паўната яго сілы і яго жыцця была неаддзельная ад самой асобы Ісуса. Таму гэтая сіла і выяўлялася ўсюды, дзе з'яўляўся Ісус, калі толькі такіх праяваў патрабавала сітуацыя. Так было і з хаджэннем па вадзе падчас буры.

Ісус “загадаў вучням сесці ў човен і ўперадзіць Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей. І, адпусціўшы людзей, адзін узыйшоў на гару маліцца. А калі звечарэла, адзін там прабываў. А ў той час човен адплыў далёка ад берага, і кідалі ім хвалі, бо вецер быў праціўны. А чацвёртай начной варце прыйшоў да іх Ісус па моры” (Мц. 14, 22-25). Ісусу проста трэба было трапіць у човен да вучняў. Ён вырашыў пайсці наўпрост, па вадзе. І пайшоў. А вада, паслухмяна змяняючыся пад дзеяннем сілы Валадарства, будучы пакорліваю яго дыханню, змяняецца так, каб па ёй было магчыма прайсці. Напэўна, для Валадарства гэта звычайная справа, бо там субстанцыя цалкам падуладная духоўнаму уздзеянню. А ў неперамененым свеце такі феномен, натуральна, успрымаецца як цуд.

Але вось што сапраўды цікава: аказваецца, Валадарства ў нашым свеце цяпер сапраўды даступна кожнаму! Вось Пётр: ён захацеў, падобна да свайго Настаўніка, прайсціся па водах Валадарства, і пайшоў, і ішоў без праблем да таго часу, пакуль глядзеў на Ісуса. А тануць пачаў толькі пасля таго, як адвярнуўся ад Яго і ўспомніў раптам, што навокал не Валадарства, а бура на возеры ў неперамененым свеце. На першы погляд адбываецца нешта дзіўнае: бо ў Валадарстве няма буры, а ў неперамененым свеце не ходзяць па вадзе. Дык дзе ж быў Пётр, калі ён зрабіў крок насустрач Настаўніку? Відавочна, у Валадарстве, інакш першы яго крок стаў бы апошнім. А дзе ён быў, калі пачаў тануць? Відавочна, у неперамененым свеце, бо ў Валадарстве не патонеш. Дык дзе ж мяжа? Кім і чым яна вызначаецца?

Адказ можа здацца нечаканым, але, калі ўдумацца, ён цалкам адпавядае таму, што кажа пра Валадарства Сам Ісус. Мяжа, аказваецца, праходзіць не столькі па вадзе, па зямлі або па паветры, колькі ўнутры чалавечага сэрца. Можна быць у Валадарстве і не заўважыць яго, яно можа быць тут, але той, хто Валадарства не бачыць, бачыць толькі буру на возеры. Ды варта толькі зрабіць унутраны крок, і Валадарства становіцца рэальнасцю, не суб'ектыўнай, не ўнутранай, а абсалютна аб'ектыўнай, больш аб'ектыўнай, чым буры, бушуючыя ў неперамененым свеце.

Куды ж павінен быць накіраваны гэты ўнутраны крок? Відавочна, да Таго, Хто прынёс Валадарства ў свет. Бо яго форма шмат у чым вызначаецца тымі адносінамі, якія звязваюць яго насельнікаў з Хрыстом. Пакуль уся ўвага Пятра засяроджана на Хрысце, Валадарства для яго застаецца адзінай рэальнасцю. Але варта яму адвярнуцца (а для ўпаўшага чалавека гэтага нярэдка аказваецца дастаткова для таго, каб фокус духоўнай увагі зрушыўся ў бок ад той кропкі, на якой ён павінен быў бы быць засяроджаны), як адзінай рэальнасцю для яго аказваецца бушуючае возера. І толькі працягнутая рука Хрыста ратуе яго ад дакладнай згубы.

 

Каментары: