Пропаведзь на свята Перамянення Госпада нашага Ісуса Хрыста

Аўтар: а.Зміцер - .

Перамяненне Госпада на гары Табор – евангельская падзея, асаблівая ў сваім родзе. Гэты момант зямнога жыцця Ісуса Хрыста вылучаецца на фоне іншых Яго дзеянняў. Хрыстос рабіў шмат цудаў: аздараўляў, выганяў дэманаў, памнажаў хлеб, пераўтвараў ваду ў віно. Акрамя гэтага Ён шмат прапаведаваў і навучаў. Але ўсе гэтыя падзеі адбываліся ў межах звычайнага рытму чалавечага жыцця. У падзеі ж Перамянення мы сустракаемся з нечым значна больш захапляльным. У тэксце чытаем: “Перамяніўся перад імі; і аблічча Яго заззяла, як сонца, а адзенне Яго сталася белым, як святло” (Мц. 17, 2). Вучні бачаць Хрыста ў такім абліччы, як Ён размаўляе з Майсеем і Іллёй. Уся гэтая сцэна пабудзіла апостала Пятра да простых словаў: “Госпадзе, добра нам тут быць. Калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Іллі адну” (Мц. 17, 4).

Унікальнасць гэтай падзеі ў тым, што Збаўца выводзіць сваіх вучняў з межаў гэтага свету і паказвае ім новую рэальнасць, рэальнасць Божага Валадарства. Рэальнасць, дзе час не мае ўлады, таму Госпад размаўляе з Майсеем і Іллёй, рэальнасць, дзе ззяе святло праведнасці. Трапіўшы на момант у гэтую рэальнасць, вучні гатовыя заставацца тут. Св. Еранім так каментуе словы Пятра: “Той, хто падымаецца да высокага, не мае жадання сыходзіць да зямнога, а хоча пастаянна знаходзіцца ў вышыні”. Словы Пятра заканамерныя, яны глыбока адлюстроўваюць ўнутраны стан не толькі апосталаў, але і многіх з нас, калі мы ўпершыню сустракаемся з узрушлівымі з'явамі духоўнага свету. Мы гатовыя на ўсё забыцца і жадаем далей знаходзіцца там, дзе нам добра. Але духоўныя радасці даюцца не для таго, каб мы пасіўна атрымлівалі ад іх задавальненне. Паказаўшы вучням вобраз будучай радасці, Хрыстос разам з імі спускаецца ў свет, дзе ім (і нам) яшчэ над многім трэба будзе папрацаваць.

На горнай вяршыні адбываліся самыя важныя сустрэчы Бога з чалавекам: Майсей атрымаў закон, Ілля пачуў дыханне Духа. На гары Ісус паказвае ў Сабе Самім перамяненне чалавека: ад хваробы страху і нянавісці - да боскага святла. Унізе, на роўнай зямлі прарокаў заўсёды чакала расчараванне і непрыманне: Майсей убачыў залатога ідала, Ілля - адступніцтва і ганенне. Ісус спускаецца, каб адправіцца на сустрэчу Сваім пакутам, смерці і ўваскрасенню - каб перамяненне Любаснага Сына не спынілася на Ім, але каб кожны мог пайсці па Яго шляху - стаць любасным сынам ці дачкой Айца, жыць Яго святлом. Гэтае свята запэўнівае нас, што мы можам увайсці ў гэты свет Божага святла і Хрыстовага крыжа, які адкрывае шлях усеагульнага Уваскрасення.

Перад намі паўстае Чалавек, за Якога Бог можа радавацца, а не смуткаваць, Чалавек, які цалкам ажыццявіў Божы задум пра Яго, сапраўдны чалавек, Богачалавек. У чым яшчэ можа заключацца для нас Валадарства Божае, як не ў прыпадабненні Богу, не ў станаўленні такімі, якімі Ён хоча нас бачыць? На гары Табор Бог, які стаў Чалавекам, паказвае нам шлях і мэту нашага зямнога быцця: добра нам быць у святле Божага Валадарства, але каб успадкаваць гэтую радасць, нам трэба стацца яго вернымі дзецьмі ў жыцці тут, унізе, спусціцца з гары, і пранесці свой крыж да канца.

а. Зміцер Чарнель, CSsR

Каментары: