Богаяўленне Госпада нашага Ісуса Хрыста
Евангелле паводле Мацвея 3, 13-17
Ярдан — рака, якая па вертыкалі перасякае не толькі Святую Зямлю, але і ўсю Біблію. Пачынаецца ў Гермоне, на поўначы Палестыны, упадае ў даліну, названую ў гонар самой ракі, працякае праз Тыберыядскае мора (раней рабіны лічылі, што воды Ярдана не змешваюцца з водамі возера) і рухаецца праз тысячу выгібаў, пераадольваючы адлегласць у 300 км да Мёртвага мора, якое знаходзіцца ўсяго ў 104 км. Там аддае свае воды ў вадазбор, які знаходзіцца ў самай нізкай кропцы Зямлі, на 400 м ніжэй за ўзровень мора. Ярдан таксама працякае праз гісторыю Бібліі, ад Кнігі Быцця, калі Лот выбраў Ярданскую даліну месцам сваёй аселасці (13, 10), да Новага Запавету, калі на яго берагах з'явіўся незвычайны прарок Ян Хрысціцель.
Гэта падводзіць нас да эпізоду Хросту Гасподняга, які мы святкуем сёння і які звязваем з нашым уласным хростам. Сёння мы засяродзімся на двух пытаннях, якія прысутнічаюць у біблійных чытаннях, якія можна ўявіць сабе як дзве перакладзіны крыжа.
Першая перакладзіна вертыкальная: абапіраючыся на зямлю, яна накіравана ў неба, гэта значыць у бясконцасць Бога. Над Ісусам з Назарэта, ногі якога апускаюцца ў воды Ярдана, раскрываецца светлае неба, Божая эпіфанія. Ужо над таямнічым Слугою Гасподнім, вобразам Месіі, якога апяваў Ісая ў 42-м раздзеле сваёй кнігі, раступілася неба, спачыў на Ім Дух, прагучала ўрачыстае запэўненне: "Вось жа слуга Мой, якога падтрымаю, выбраннік мой, у якім мае ўпадабанне душа Мая; спаслаў Я Духа Майго на яго, ён надасць закон народам." (Іс. 42, 1) Тая ж падзея адбываецца на беразе Ярдана, дзе Святы Дух выліваецца на Ісуса, і голас з неба падае самае важнае абвяшчэнне: «Гэта Сын Мой улюбёны, Якога Я ўпадабаў Сабе» (Мц. 3, 17). Ужо не «Слуга», ужо не «абраны» — а «Сын» і «ўлюбёны». Нарэшце, Пётр у сваёй катэхезе, скіраванай да сотніка Карнэлія з Кесарыі Прыморскай (Дз. 10, 38), першага язычніка, які захацеў стаць хрысціянінам, спасылаецца на гэтую сцэну, паказваючы, як Бог вылівае Святога Духа на Хрыста, у якім прысутны Бог («Бог быў з Ім").
Такім чынам, хрост — гэта дотык да бясконцасці, лучнасць з Богам, гэта наша ўсынаўленне, атрыманае для нас Адзінародным Сынам, як казаў св. Павел. Адносіны, якія цяпер існуюць паміж Богам і чалавекам, — гэта ўжо не адносіны Творцы са стварэннем, гэта ўжо не адносіны Госпада, поўнага славы, са слабой і смяротнай рэчаіснасцю, падобнай да травы, што цвіце, зелянее раніцай, а ўвечары вяне і засыхае. Цяпер гэтыя адносіны становяцца блізкасцю, становяцца любоўю; цяпер гэта трэба разумець у адносінах бацькоўства і сыноўства: як казаў Осія, Бог нахіляецца і падносіць нас да сваёй шчакі, як робіць бацька са сваім дзіцём, каб яго накарміць (Ос. 11, 4).
Ёсць і другая перакладзіна — гарызантальная, якая распасціраецца над зямлёй і над гісторыяй. Бо Слуга Гасподні «надасць народам закон», абвесціць збаўленне ўсяму свету. Ісая працягвае: надламанай трысціны не зломіць, але ведае, на што яе ўжыць, не патушыць кнот са слабым полымем, але дадасць у яго алею, каб яно гарэла ярчэй - так ён шукае тое, што адкінута і страчана. Пётр надзяляе зямное жыццё Ісуса дэвізам, які павінен быць зместам жыццё кожнага праўдзівага хрысціяніна: "Ён хадзіў, чынячы дабро і аздараўляючы ўсіх" (Дз 10, 38). «Вертыкальная» любоў самога Бога і да Бога нараджае «гарызантальную» любоў да братоў: "Улюбёныя, калі Бог нас так палюбіў, дык і мы мусім любіць адзін аднаго." (1 Ян. 4, 11) "Гэтым выяўляюцца дзеці Божыя і дзеці д’ябла: кожны, хто не робіць справядлівасці, не ёсць ад Бога, таксама як і той, хто не любіць брата свайго." (1 Ян. 3, 10)
Каментары: