Сустрэча Папы Рымскага з Маскоўскім патрыярхам

- . Апублікавана ў Публікацыі

“Я не толькі за іх прашу, але і за тых, што, дзякуючы слову іх, увераць у Мяне, каб усе былі адно; як Ты, Ойча, ува Мне, а Я ў Табе, каб і яны былі адно ў Нас, каб свет уверыў, што Ты Мяне паслаў” (Ян. 17, 20-21). Такімі словамі маліўся Ісус за вучняў перад Сваёй смерцю ў аліўным садзе. Адзінства, пра якое Госпад прасіў Айца, не з’яўляецца простай данасцю звыш, але павінна стаць вынікам актыўнай пазіцыі і скіраванай волі людзей, ад якіх гэтае адзінства залежыць. Сёння просьба Ісуса яшчэ не выканана, нягледзячы на тое, што воля Божая выразная і зразумелая. Перашкодай адзінству выступае нежаданне ці няздольнасць людзей гэтае адзінства дасягнуць і захаваць. Аднак у нас жыве вера і надзея ў тое, што, паколькі гэтага хоча Бог, гэтая перспектыва рэальная ў будучыні.

Чарговым крокам у дасягненні адзінства Хрыстовай Царквы стала сустрэча Святога Айца Францішка з патрыярхам Маскоўскім Кірылам Гундзяевым 12 лютага 2016 г. у аэрапорце на Кубе. Каталікі і праваслаўныя, якія ў хрысціянскім свеце з’яўляюцца найбліжэйшымі канфесіямі, ужо шмат дзесяцігоддзяў вядуць багаслоўскі дыялог, шукаючы шляхоў збліжэння. Пачаткам каталіцка-праваслаўнага збліжэння стала сустрэча рымскага біскупа Паўла VI і канстанцінопальскага патрыярха Афінагора ў студзені 1964 г. у Ерусаліме. Пасля гэтага кантакты паміж каталікамі і праваслаўнымі аднавіліся на розных узроўнях. Толькі кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы, якая з’яўляецца набольшай па колькасці вернікаў сярод праваслаўных цэркваў, прынцыпова адмаўляўся ад сустрэчы з Папам. Галоўнай перашкодай з боку Масквы яшчэ з часоў пантыфікату св. Яна Паўла ІІ называлася праблема грэка-каталікоў, якія быццам бы “знішчылі праваслаўныя епархіі ў Заходняй Украіне”. Сустрэча Папы і патрыярха на Кубе сведчыць, што ў сучасным свеце ўзніклі больш важныя праблемы, якія ставяць на парадак дня патрэбу аб’яднаць намаганні і шукаць кампраміс.

Гэтыя праблемы і пагрозы, якія падштурхнулі патрыярха Маскоўскага згадзіцца на прыватную сустрэчу з Папам, адлюстроўвае іх сумесная дэкларацыя, падпісаная пасля сустрэчы. У ёй кіраўнікі Каталіцкай і Рускай Праваслаўнай Царквы заяўляюць: “Мы хочам аб'яднаць нашы намаганні для сведчання аб Евангеллі Хрыстовым і агульнай спадчыне Царквы першага тысячагоддзя, сумесна адказваючы на выклікі сучаснага свету”. Да гэтых выклікаў адносяцца маштабныя ганенні на хрысціянаў многіх краінах Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі, дзе “нашы браты і сёстры ў Хрысце знішчаюцца цэлымі сем'ямі, вёскамі і гарадамі”. Гэта таксама абвастрэнне міжрэлігійных канфліктаў, абмежаванне правоў хрысціянаў і іх дыскрымінацыя. Папа з патрыярхам перасцерагаюць супраць інтэграцыі, якая не паважае рэлігійную ідэнтычнасць: “Будучы адкрытыя да ўкладу іншых рэлігій у нашу цывілізацыю, мы перакананыя, што Еўропа мае патрэбу ў вернасці сваім хрысціянскім караням”. Звяртаюць кіраўнікі цэркваў увагу таксама на несправядлівае размеркаванне багацця ў міжнародных адносінах, “вялікую патрэбу і беднасць у той час, як матэрыяльныя багацці чалавецтва растуць”, на крызіс сямейных адносін, заклікаюць паважаць права на жыццё і годнасць чалавека.

Разам з глабальнымі праблемамі ў сумеснай дэкларацыі закранаюцца таксама больш канкрэтныя і практычныя пытанні ўзаемадзення Каталіцкай і Рускай Праваслаўнай цэркваў. “Мы не супернікі, а браты”, - адзначаецца ў тэксце. У справе грэка-каталікоў з каталіцкага боку вызнана, “што метад «уніятызму» ранейшых стагоддзяў, які прадугледжвае прывядзенне адной супольнасці ў адзінства з другой шляхам яе адрыву ад сваёй Царквы, не з'яўляецца шляхам да аднаўлення адзінства”. Праваслаўны ж патрыярх вызнаў за царкоўнымі супольнасцямі, якія з'явіліся ў выніку гістарычных абставінаў “права існаваць і прадпрымаць усё неабходнае для задавальнення духоўных патрэб сваіх вернікаў”. Пры гэтым абодва бакі вызналі недапушчальнасць “выкарыстоўваць нягодныя сродкі для прымусу вернікаў да пераходу з адной Царквы ў іншую, грэбуючы іх рэлігійнай свабодай і іх уласнымі традыцыямі”. Фактычна гэта першы дакумент, у якім маскоўскі патрыярх вызнае кананічны статус грэка-каталіцкіх цэркваў.

Такім чынам, у справе дасягнення адзінства зроблены чарговы крок. Сустрэча Папы і патрыярха Маскоўскага адкрыла новую прастору для супрацоўніцтва і сустрэчы. “Аднойчы я казаў, што калі адзінства будуецца праз адукацыю, вывучэнне тэалогіі і гэтак далей, то калі прыйдзе Госпад, мы ўсё яшчэ будзем яго будаваць. Адзінства будуецца на шляху, калі мы крочым па ім. Няхай Госпад, калі прыйдзе, прынамсі ўбачыць, што мы крочым”, - сказаў Святы Айцец.

Пасля гэтай сустрэчы больш верагодным стаў таксама і візіт Папы Рымскага ў Беларусь. Падпісаўшыся пад словамі, што “каталікі і праваслаўныя пакліканыя па-братэрску супрацоўнічаць для абвяшчэння Евангелля збаўлення”, вызнаўшы за Каталіцкай Царквой права “прадпрымаць усё неабходнае для задавальнення духоўных патрэб сваіх вернікаў”, лагічна чакаць, што патрыярх Кірыл пагодзіцца на візіт Святога Айца ў нашую краіну.

Каментары: