Зварот Папы Льва XIV да ўдзельнікаў Юбілею Усходніх Цэркваў

У імя Айца і Сына, і Святога Духа. Мір вам!
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Я вітаю вас словамі, якія ў многіх рэгіёнах хрысціянскага Усходу нястомна гучаць у гэты пасхальны час, вызнаючы тым самым сутнасць веры і надзеі. І як цудоўна бачыць вас тут непасрэдна з нагоды Юбілейнага года надзеі, для якой уваскрасенне Ісуса з’яўляецца непарушнай асновай. Сардэчна вітаю ў Рыме! Я рады сустрэцца з вамі і прысвяціць вернікам Усходніх Цэркваў адну з першых аўдыенцый майго пантыфікату.
Вы каштоўныя. Гледзячы на вас, я думаю пра разнастайнасць вашага паходжання, пра слаўную гісторыю і пра цяжкія пакуты, якія многія вашы супольнасці перажылі або перажываюць. І хацеў бы падкрэсліць тое, што Папа Францішак кажа пра Усходнія Цэрквы: «Гэта Цэрквы, якія неабходна любіць: яны захоўваюць унікальныя духоўныя і мудрыя традыцыі і могуць шмат расказаць нам пра хрысціянскае жыццё, сінадальнасць і літургію; узгадаем старажытных Айцоў, Саборы, манаства: неацэнныя скарбы для Царквы» (Прамова Папы Францішка, 27 чэрвеня 2024 г.).
Я хацеў бы таксама працытаваць Папу Льва XIII, які быў першым, хто прысвяціў адмысловы дакумент годнасці вашых Цэркваў, падкрэсліўшы найперш той факт, што «справа чалавечага адкуплення пачалася на Усходзе» (пар. Апост. ліст Orientalium dignitas ад 30 лістапада 1894 г.). Так, вы маеце «ўнікальную і прывілеяваную ролю, будучы калыскай Царквы, што нараджаецца» (Св. Ян Павел II, Апост. ліст Orientale lumen, 5). Значным з’яўляецца тое, што некаторыя з вашых Літургій – якія ў гэтыя дні вы ўрачыста цэлебруеце ў Рыме згодна з рознымі традыцыямі – дагэтуль выкарыстоўваюць мову Ісуса Хрыста. Але Папа Леў XIII выказаў шчыры заклік да таго, каб «законная разнастайнасць усходняй літургіі і дысцыпліны… служыла вялікаму ўпрыгожванню і карысці Царквы» (Orientalium dignitas). Яго заклапочанасць таго часу актуальная і сёння, паколькі ў нашы дні многія ўсходнія браты і сёстры, у тым ліку і некаторыя з вас, вымушаныя ўцякаць са сваіх родных тэрыторый з-за вайны і пераследу, нестабільнасці і галечы, і, прыбываючы на Захад, рызыкуюць страціць, акрамя радзімы, таксама і сваю рэлігійную ідэнтычнасць. І такім чынам, з цягам пакаленняў, губляецца неацэнная спадчына Усходніх Цэркваў.
Больш за стагоддзе таму Леў XIII адзначыў, што «захаванне ўсходніх абрадаў важнейшае, чым прынята думаць», і для гэтага нават пастанавіў, што «любы лацінскі місіянер, будзь то дыяцэзіяльны або манаскі, які парадамі або дапамогай прыцягне якога-небудзь усходняга верніка да лацінскага абраду, павінен быць адхілены і выключаны са сваёй пасады» (там сама). Мы вітаем заклік да захавання і прасоўвання хрысціянскага Усходу, асабліва ў дыяспары. Тут, акрамя стварэння, дзе гэта магчыма і мэтазгодна, усходніх царкоўных акруг, неабходна павышаць дасведчанасць лацінян. У гэтым сэнсе я прашу Дыкастэрыю па справах Усходніх Цэркваў, якой удзячны за яе працу, дапамагчы мне вызначыць прынцыпы, нормы і правілы, з дапамогай якіх лацінскія пастыры змогуць канкрэтным чынам падтрымліваць католікаў усходняга абраду ў дыяспары, захоўваць іх жывыя традыцыі і ўзбагачаць іх своеасаблівасцю асяроддзе, у якім яны жывуць.
Царква мае патрэбу ў вас. Які вялікі ўклад можа даць нам сёння хрысціянскі Усход! Як жа нам неабходна аднавіць пачуццё таямніцы, такое жывое ў вашых літургіях, якія ўключаюць чалавечую асобу ва ўсёй яе цэласнасці, апяваюць прыгажосць збаўлення і выклікаюць здзіўленне перад боскай веліччу, якая ахоплівае чалавечую мізэрнасць! І як важна нанова адкрыць, нават на хрысціянскім Захадзе, значэнне прымату Бога, каштоўнасць містагогіі, няспыннага заступніцтва, пакаяння, посту, плачу над сваімі грахамі і грахамі ўсяго чалавецтва (penthos), такія тыповыя для ўсходняй духоўнасці! Таму надзвычай важна захаваць вашыя традыцыі, пазбягаючы іх размывання, нават дзеля практычнасці і зручнасці, каб яны не былі скажоныя духам спажывальніцтва і ўтылітарызму.
Вашы духоўныя традыцыі, старажытныя і заўсёды новыя, гаючыя. У іх драматычнае ўсведамленне чалавечай галечы спалучаецца са здзіўленнем перад боскай міласэрнасцю, так што наша нізкасць не выклікае адчаю, але запрашае да прыняцця ласкі, каб нам стаць стварэннямі аздароўленымі, абагаўлёнымі і ўзнесенымі на нябесныя вышыні. Нам неабходна бясконца славіць і дзякаваць Госпаду за гэта. Разам з вамі мы можам маліцца словамі святога Ахрэма Сірына і звяртацца да Ісуса: «Слава Табе, Які ўчыніў крыж Свой мостам над смерцю… Слава Табе, Які апрануўся ў цела смяротнага чалавека і перамяніў яго ў крыніцу жыцця для ўсіх смяротных» (Слова пра Госпада, 9). Гэта дар, пра які трэба прасіць – уменне бачыць упэўненасць Пасхі ў кожным жыццёвым выпрабаванні і не падаць духам, памятаючы, згодна з тым, што пісаў іншы вялікі ўсходні Айцец: «Найвялікшы грэх – не верыць у сілы Уваскрасення» (св. Ісаак Ніневійскі, Аскетычныя пропаведзі, I,5).
Хто ж больш, чым вы, здольны спяваць словы надзеі ў бездані гвалту? Хто больш за вас не па чутках ведае жахі вайны, настолькі, што Папа Францішак называў вашыя Цэрквы «мучаніцкімі»? Гэта сапраўды так. Ад Святой Зямлі да Украіны, ад Лівана да Сірыі, ад Блізкага Усходу да Тыграя і Каўказа — колькі гвалту! І над усім гэтым жахам, над масавымі забойствамі столькіх маладых жыццяў, што павінна выклікаць абурэнне, бо ў імя ваеннага заваявання гінуць людзі, гучыць заклік – не столькі Папы, колькі Хрыста, які паўтарае: «Мір вам!» (Ян 20,19.21.26). І ўдакладняе: «Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам; не так, як свет дае, Я даю вам» (Ян 14,27). Мір Хрыстовы – гэта не магільная цішыня пасля канфлікту, не вынік падаўлення, але дар, які звернуты да чалавека і адраджае яго жыццё. Памолімся аб міры, які ёсць прымірэнне, прабачэнне, мужнасць перавярнуць старонку і пачаць нанова.
Я прыкладу ўсе намаганні, каб такі мір распаўсюдзіўся. Святы Пасад гатовы садзейнічаць таму, каб варагуючыя маглі сустрэцца і паглядзець адзін аднаму ў вочы, каб вярнуць людзям надзею і годнасць, якіх яны заслугоўваюць, годнасць міру. Народ прагне міру, і я ад усяго сэрца звяртаюся да адказных за народы: давайце сустрэнемся, пагаворым, дамовімся! Вайна ніколі не з’яўляецца непазбежнай, зброя можа і павінна замаўчаць, таму што яна не вырашае праблемы, а толькі пагаршае іх; таму што ў гісторыю ўвойдзе той, хто сее мір, а не той, хто пажынае ахвяры; таму што іншыя – гэта перш за ўсё не ворагі, але людзі: не злыдні, якіх трэба ненавідзець, але асобы, з якімі трэба гаварыць. Адкінем маніхейскія погляды, тыповыя для гвалтоўных наратываў, якія падзяляюць свет на добрых і дрэнных.
Царква не стоміцца паўтараць: няхай заціхне зброя. І я хацеў бы падзякаваць Богу за тых, хто ў цішыні, у малітве, сярод ахвяр тчэ ўзоры міру; за хрысціян – усходніх і лацінскіх – якія, асабліва на Блізкім Усходзе, упарта супраціўляюцца і застаюцца на сваёй зямлі, пераадольваючы спакусу пакінуць яе. Хрысціянам павінна быць прадастаўлена магчымасць, не толькі на словах, заставацца на сваёй зямлі з усімі неабходнымі правамі для бяспечнага існавання. Прашу вас, давайце прыкладзем намаганні для гэтага!
І дзякуй, дзякуй вам, дарагія браты і сёстры Усходу, дзе аб’явіў сябе Ісус, Сонца праўды, каб вам быць «святлом свету» (пар. Мц 5,14). Працягвайце свяціць верай, надзеяй і любоўю, і нічым іншым. Няхай вашы Цэрквы служаць прыкладам, а пастыры справядліва садзейнічаюць еднасці, асабліва на Сінодах біскупаў, каб яны былі месцамі калегіяльнасці і сапраўднай супольнасці. Варта клапаціцца пра празрыстасць у кіраванні маёмасцю, сведчыць пра пакорную і поўную адданасць святому народу Божаму, без прыхільнасці да ўшанаванняў, свецкай улады і ўласнай славы. Святы Сімяон Новы Багаслоў прыводзіць цудоўны прыклад: «Як зямля, кіданая кім-небудзь у полымя палаючай печы, гасіць яго, такім жа чынам жыццёвыя клопаты і ўсялякая прыхільнасць нават да самай апошняй і нікчэмнай рэчы знішчае запаленую спачатку ў сэрцы цеплыню» (Практычныя і багаслоўскія раздзелы). Бляск хрысціянскага Усходу патрабуе сёння як ніколі свабоды ад усялякай свецкай залежнасці і ад усялякіх тэндэнцый, якія супярэчаць еднасці, каб заставацца вернымі паслушэнству і евангельскаму сведчанню.
Дзякую вам за гэта і ад усяго сэрца бласлаўляю, просячы вас маліцца за Царкву і ўзносіць вашыя моцныя малітвы заступніцтва за маё служэнне. Дзякуй!
Папа Леў XIV, 14 мая 2025 г.
Каментары: