Бласл. Сямён Лукач: «Так рабілі ўсе святыя, і таму цяпер яны ў небе»

«Думаю, што мне хопіць паўгады перад смерцю падумаць пра душу і за такі кароткі час змагу заслужыць сабе ў Бога вечнае шчасце. Але ж як гэта легкадумна! Бо калі перад смерцю да мяне прыйдзе апошняя слабасць, ці буду я здольны тады зрабіць што-небудзь для збаўлення сваёй душы?» — звяртаецца ў сваёй пропаведзі бласл. святамучанік Сямён Лукач*.
Збавіць сваю душу азначае дасягнуць вечнага шчасця ў небе. Такім чынам, дбаць пра збаўленне сваёй душы — гэта тое самае, што дбаць пра сваё шчасце на цэлую вечнасць.
Можна паходзіць з высокага роду, можна здзейсніць слаўныя справы ці нажыць вялікую маёмасць, можна здабыць сабе гучнае імя ў свеце, але з гэтага ўсяго пасля смерці нічога нам не застанецца, бо не зможам больш гэтым карыстацца. Толькі збаўленне душы з’яўляецца тым дабром, што трывае вечна.
Але неба трэба сабе здабыць (Лк 16:16), бо задарма ніхто яго не атрымае. Святыя атрымалі неба ў якасці ўзнагароды за свае добрыя ўчынкі, якія яны ядналі з заслугамі Крыві Ісуса Хрыста. А я так мала думаю пра збаўленне сваёй душы і так мала раблю для гэтага. Пра ўсякія часовыя, зямныя справы я больш памятаю і больш пра іх дбаю, чым пра збаўленне душы. А тым часам збаўленне душы — гэта мая найпершая і галоўная справа, бо тут гаворка ідзе пра адну з дзвюх рэчаў: альбо вечнае неба, альбо вечнае пекла; альбо буду вечна шчаслівым, альбо вечна няшчасным. Тут няма чагосьці трэцяга, сярэдняга.
Часам бывае, што мы павінны выканаць адначасова розныя справы. Але паколькі дзве розныя работы адначасова выканаць немагчыма, мы пакідаем тое, што менш важнае, а бярэмся за важнейшае. Мы лёгка пераносім нейкую страту ў меншай справе, калі важнейшая нам удаецца. А збаўленне душы — наша самая важная справа, таму гэтай справе трэба падпарадкаваць усё астатняе і ва ўсіх сваіх учынках пытацца ў сябе: «Як гэта дапаможа мне ў збаўленні душы?» Або яшчэ прасцей: «Ці не перашкодзіць гэта майму збаўленню?» Так рабілі ўсе святыя, і таму цяпер яны ў небе.
Хрыстос вучыць нас, што збаўленне душы — самая патрэбная справа для кожнага з нас: багатага і беднага, простага і вучонага, маладога і старога (Лк 10:42). Калі б нам прыйшлося страціць маёмасць, добрае імя ці здароўе, то патрэбна толькі цярплівасць, і неяк мы перажывём усе гэтыя няшчасці. Але калі страцім збаўленне і будзем навекі праклятыя, то адкуль возьмем столькі цярплівасці, каб усё гэта вытрымаць? Нам не абавязкова быць багатымі, вучонымі ці здаровымі, але абавязкова жыць свята і збавіць сваю душу. Хто страціў маёмасць, славу сярод людзей ці здароўе, той усё яшчэ мае надзею, што можа вярнуць гэтую страту; але той, хто аднойчы застаўся праклятым, навекі не будзе мець надзеі на сваё збаўленне.
Збаўленне душы — мая асабістая справа, якую я раблю для сябе, і ніхто ў гэтым мяне не заменіць. Многія людзі дбаюць пра павелічэнне маёмасці, робячы гэта не для сябе, а для сваіх дзяцей. Часта гэта адбываецца з крыўдай для іншых людзей, асабліва калі нехта ўзбагачаецца праз крадзеж ці падман. Але ці змогуць дзеці калі-небудзь дапамагчы мне, калі я з-за гэтага буду пракляты?! Ці разумна навекі загубіць сваю душу, каб камусьці іншаму забяспечыць нейкую выгаду?! Ці дапаможа каму-небудзь тое, што яго імя будуць славіць на зямлі, калі ён страціць сваю душу навекі?!
Бог даў мне жыццё для таго, каб я стараўся пра збаўленне сваёй душы і вельмі старанна прыкладаўся да гэтай справы, бо яна не з’яўляецца лёгкай. Хрыстос кажа, што дарога, якая вядзе да збаўлення, вузкая (Мц 7:14). Гэтай дарогай з’яўляецца вернае выкананне Божых запаведзяў. Але ў нас ёсць схільнасць да зла, таму мы павінны пастаянна змагацца з сабой і пастаянна супраціўляцца сваім злым нахілам (Мц 16:24). А гэта нялёгкая справа. Таксама д’ябал і злыя людзі падбухторваюць нас да зла, таму мы павінны заўсёды быць пільнымі і пастаянна маліцца, каб не ўпасці ў грэх (Мк 13:37).
А я ўсё апраўдваюся, што не маю часу паклапаціцца пра сваё збаўленне, бо мушу займацца многімі іншымі справамі для патрэб свайго цела. Думаю, што мне хопіць паўгода перад смерцю падумаць пра душу і за такі кароткі час змагу заслужыць сабе ў Бога вечнае шчасце. Але ж як гэта легкадумна! Бо калі перад смерцю да мяне прыйдзе апошняя слабасць, ці буду я здольны тады зрабіць што-небудзь для збаўлення сваёй душы?
Ісус Хрыстус аддаў усё сваё жыццё за тое, каб мяне збавіць, а я хачу толькі перад смерцю паклапаціцца пра сваю душу! Ісус Хрыстус пачаў цярпець ад самага нараджэння і ахвяраваў усе свае пакуты, сваю пралітую Кроў і смерць, каб заслужыць нам асвячальную ласку, якая неабходна для збаўлення. А я хачу толькі ў канцы свайго жыцця атрымаць крошкі гэтай ласкі і з гэтым думаю патрапіць у неба. Але час смерці невядомы, таму я магу памыліцца.
Бо магу памерці яшчэ сёння ці нават у гэтую самую гадзіну, а тады што будзе з маёй душой? Вось так грэх асляпляе і адымае розум у тых, хто не дбае пра збаўленне душы! Амін.
З кнігі Кір Сямёна Лукача «Духоўныя навукі» (Івана-Франкоўск, 2024)
*Сямён Лукач (7 ліпеня 1893 — 22 жніўня 1964) — рэлігійны дзеяч, педагог, падпольны біскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, абвешчаны блаславёным (мучанікам за веру) Папам Янам Паўлам II у 2001 годзе.
Каментары:
