Родавы грэх, ацаленне пакаленняў - праўда ці фальш

Прыкладна на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў на захадзе зарадзілася канцэпцыя «родавага граху» і патрэбы «міжпакаленнага ачышчэння», пашыраная асабліва сярод харызматычных супольнасцяў. Адэпты і сімпатыкі гэтай канцэпцыі лічаць, што калі жыццё чалавека не складваецца згодна з яго задумамі, калі яго пастаянна сустракаюць розныя беды і няшчасці, то гэта вынік грахоў продкаў. Калі ў пошукавую сістэму ў інтэрнэце ўпісаць вышэйпададзеныя тэрміны, то выявіцца, што гэтую канцэпцыю развіваюць і прапагандуюць, між іншым, нават некаторыя, здавалася б, каталіцкія СМІ. Пры гэтым яны сваё вучэнне падмацоўваюць Святым Пісаннем, таму можа здавацца, што гэтая канцэпцыя згодная з вучэннем Царквы. А як ёсць на самой справе?
На думку п. Ёанны Заблудоўскай, канцэпцыя «родавага граху» некалькі гадоў таму перажывала свой росквіт у супольнасцях і душпастырстве ў Польшчы. На першы погляд здавалася, што знойдзены вельмі просты адказ на пытанне «чаму?», але гэта быў толькі адказ для самазаспакаення, каб зняць з сябе адказнасць за свае грахі. Каб унесці яснасць у інтэрпрэтацыю канцэпцыі «родавага граху», Камісія па справах веравучэння Канферэнцыі біскупаў Польшчы ў 2015 годзе апублікавала дакумент «Родавы грэх і аздараўленне пакаленняў. Багаслоўска-пастырскія праблемы». Гэты дакумент стаў дарожнай картай у разуменні канцэпцыі «родавага граху» і «аздараўлення пакаленняў».
Што на гэту тэму сказана ў гэтым Дакуменце Камісіі па справах веравучэння?
Зараджэнне канцэпцыі «родавага граху і аздараўлення пакаленняў»
Тэорыя пра родавы грэх і аздараўленне пакаленняў, прадстаўленая а. Робертам Дэ Грандзісам у яго кнізе «Аздараўленне пакаленняў», у значнай меры базуецца на псіхалогіі Карла Густава Юнга і даследаваннях доктара Кенета МакАла (1910–2001).
Доктар Кенет быў лекарам-тэрапеўтам і англіканскім місіянерам. Нарадзіўся ў Кітаі. Пад уплывам кітайскай філасофіі ён прыйшоў да высновы, што некаторыя хваробы звязаны з уплывам злых сіл. У сваёй тэрапіі ён спалучаў вывучаныя ўсходнія традыцыі з медыцынскай практыкай. Лічыў, што духі продкаў адыгрываюць значную ролю ў саматычных хваробах нашчадкаў. Доктар Кенет МакАл сам пакутаваў ад псіхічных расстройстваў. Яго даследаванні паклалі пачатак пошукам аздараўлення ў мінулых пакаленнях.
Асновы канцэпцыі і яе паходжанне
Як было сказана вышэй, асновай канцэпцыі «родавага граху» з'яўляецца вера ў тое, што грахі продкаў уплываюць на жыццё іх цяперашніх жывых нашчадкаў. Гэты ўплыў можа мець духоўнае і фізічнае вымярэнне, выяўляцца, напрыклад, у форме хваробы, або таксама быць прычынай псіхічных праблем і няўдач у сужэнскім ці сямейным жыцці.
Калі так, то трэба шукаць шляхі да вызвалення, і тут, на думку прыхільнікаў гэтай тэорыі, ад цяжару граху, успадкаванага ад продкаў, чалавек мае патрэбу ў вызваленні, якое ажыццяўляецца праз малітву за аздараўленне або праз экзарцызм.
Практыка «аздараўлення пакаленняў» паходзіць ад традыцыі, укаранёнай у вераваннях усходніх рэлігій, якія па-асабліваму шануюць сваіх продкаў і вераць у рэінкарнацыю. Гэта азначае, што такая практыка з'яўляецца вынікам рэлігійнага сінкрэтызму, які сфарміраваў новую з'яву пад назвай «рэінкарнацыя граху».
«Рэінкарнацыя граху» або «пераход» граху на наступныя пакаленні, … не маюць ніякага абгрунтавання ні ў Святым Пісанні, ні ў Традыцыі ці вучэнні Царквы. Такія беспадстаўныя ідэі з'яўляюцца небяспечнымі для духоўнага жыцця вернікаў і для самой дактрыны Царквы.
Чаму гэтая канцэпцыя стала папулярнай?
Асноўная прычына таго, што гэта з'ява набірае папулярнасць, бачыцца ў заняпадзе пачуцця граху, пра што казаў яшчэ Папа Пій XII (Прамова, Рым, 26.10.1946). Разам са стратай адчування граху слабее таксама разуменне, што такое сапраўдная свабода. Адначасова з гэтым чалавек адказнасць за свае няшчасці і няўдачы спрабуе перакласці на продкаў, кажучы пра родавыя грахі.
Прыхільнікі гэтай канцэпцыі сваё вучэнне падмацоўваюць цытатамі са Святога Пісання, якія часта вырваны з кантэксту і не перадаюць сапраўднага сэнсу Біблійнага тэксту: у Бібліі, часам нават у тых самых кнігах (на якія спасылаюцца прыхільнікі), знаходзім і іншыя выказванні натхнёных аўтараў, якія супярэчаць тэзе пра адказнасць наступных пакаленняў за грэх.
Царква з самага пачатку вучыла, што грэх заўсёды з'яўляецца чымсьці асабістым і патрабуе рашэння волі. Гэтаксама і з пакараннем за грэх. Кожны асабіста нясе пакаранне за свой грэх. Пра гэта выразна піша св. Павел у Пасланні да Рымлянаў, што «кожны з нас сам за сябе дасць адказ Богу» (Рым. 14, 12).
Малітва за «аздараўленне пакаленняў»
Трэба звярнуць увагу на яшчэ адзін элемент гэтай канцэпцыі, а менавіта: «Аздараўленне пакаленняў» — гэта асаблівая малітва, якой варта ахапіць продкаў церпячага чалавека, сягаючы нават пятнаццатага ці шаснаццатага пакалення. Такая малітва ўключае чытанне экзарцызмаў, заступніцкую малітву і Святую Літургію».
Улічваючы тое, што такой з'явы, як родавы грэх (пракляцце), не існуе, аўтары дакумента заклікаюць да забароны адпраўляць Імшы ці іншыя малітвы ў гэтым намеры: Практыка малітвы або Святой Літургіі з малітвай за «аздараўленне пакаленняў» або за вызваленне ад «родавага граху» вельмі выразна выяўляе недахоп веры або прынамсі недавер да дзейснасці ласкі таінстваў…
У Царкве шмат самых розных формаў малітвы за аздараўленне хворых, што практыкавалася на працягу стагоддзяў, у тым ліку і падчас Святой Літургіі. Усе гэтыя малітвы павінны адпавядаць літургічным Царкоўным прадпісанням, і вернікам (як духавенству, так і свецкім) трэба нанова адкрываць для сябе глыбіню гэтых малітваў.
Падсумаваннем вышэй сказанага хай стануць словы а. Ігара Цмаканіча: «… родавога пракляцця ўсё ж такі не існуе. Чытайце Пісанне».
Каментары:
