Чысцец: выдумка, кара ці шанц для грэшнікаў?

Аўтар: а.Зміцер - .

Для многіх людзей застаецца загадкай навучанне Каталіцкай Царквы пра чысцец. Часта ўзнікаюць пытанні, што гэта такое і адкуль паходзяць веды пра яго існаванне. Адны лічаць чысцец асобным месцам, на падабенства таго, якое прадставіў у сваёй “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры, другія лічаць чысцец праклёнам ці пакараннем, трэція, бачаць у ім усяго толькі неабгрунтаваную выдумку, падстаў для якой ў Святым Пісанні няма.

Трэба адзначыць, што сапраўды, у Бібліі не знойдзеш самаго слова “чысцец”, бо гэта тэалагічны тэрмін, які быў уведзены пазней, але казаць што ў Святым Пісанні няма згадак пра яго – няправільна. Дагмат пра чысцец быў прыняты на Ферара-Фларэнтыйскім і Трыдэнцкім саборах (XV-XVI cтст.) на падставе царкоўнай традыцыі, якая ў сваю чаргу спасылаецца на некаторыя тэксты Святога Пісання.

Па-першае, трэба адзначыць, што Царква называе чысцам стан, у які трапляюць тыя, хто памірае ў згодзе з Богам, але мае ўсё ж патрэбу ў ачышчэнні дзеля таго, каб атрымаць святасць, неабходную для уваходу ў нябеснае шчасце. Гэта не канкрэтнае месца, але менавіта часовы стан, у які душа чалавека, які не меў цяжкіх грахоў, трапляе пасля смерці і праходзіць ачышчэнне, неабходнае, каб атрымаць радасць прабывання побач з Богам. Гэта не праклён і не пакаранне. Чысцец дае душы чалавека магчымасць дасягнуць нябеснага шчасця.

Нягледзячы на тое, што дагмат пра чысцец быў канчаткова зацверджаны толькі ў XVI ст., вера ў магчымасць ачышчэння ад грахоў пасля смерці прысутнічала ў Царкве ад самага пачатку.

Ужо некаторыя Айцы Царквы, як, напрыклад, св. Кіпрыян, які памёр у 258 г., падтрымлівалі навучанне аб існаванні чысца, абапіраючыся на словы Ісуса, запісаныя ў Евангеллі паводле св. Мацвея: “Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і каб не ўкінулі цябе ў вязніцу. Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош” (Мц. 5,25-26).

Св. Кіпрыян сцвярджаў, што для памерлых вернікаў, асабліва для мучанікаў, збаўленне наступае адразу пасля смерці. Таксама ён казаў пра тое, што тыя, хто памірае ў цяжкім граху, адразу трапляюць у пекла. З гэтым было ўсё зразумела. Але ён думаў таксама пры тых вернікаў, якія падчас ганенняў адмаўляліся ад веры, але потым шкадавалі за гэта і каяліся. Так як некаторыя з іх паміралі, да канца не адкупіўшы свой грэх (у тыя часы напачатку вернікі павінны былі чыніць доўгі жаль за грахі і толькі пасля гэтага маглі прымірыцца з Царквою), ён сцвярджаў, што для такіх людзей існавала магчымасць працягнуць ачышчэнне пасля смерці – менавіта ў чысцы.

У Евангеллі ёсць яшчэ адно ўказанне на існаванне чысца – калі Ісус кажа пра грэх, які не будзе прабачаны “ні ў гэтым, ні ў будучым веку” (Мц. 12,32). Гэтыя словы сведчаць пра тое, што некаторыя грахі могуць быць прабачаны таксама і пасля смерці. Паводле навучання Царквы гэта адбываецца менавіта ў чысцы.

Акрамя Евангелляў, у іншых частках Святога Пісання ёсць указанні на існаванне таго, што мы называем чысцец. Напрыклад, св. Павел піша: “Я, паводле дадзенай мне ласкі Божай, як мудры дойлід, паклаў падмурак, а іншы будуе. Няхай кожны глядзіць, як будуе, бо ніхто не можа пакласці іншага падмурку, акрамя пакладзенага, якім ёсць Ісус Хрыстос. А ці будуе хтосьці на гэтым падмурку з золата, срэбра, дарагіх каменняў, дрэва, сена, саломы, пакажа дзень, калі выявіцца справа кожнага. Бо ў агні выкрываецца, і агонь выпрабуе справу кожнага, якая яна. Калі чыя справа, якую ён будаваў, вытрывае, той атрымае ўзнагароду. А калі чыя справа згарыць, зазнае шкоду, сам жа збавіцца, але як бы праз агонь” (1 Кар. 3,10-15). У гэтым фрагменце Апостал Народаў кажа пра ачышчальны агонь, які адкрывае шлях да збаўлення. Хоць тут і не гаворыцца прама пра чысцец, тым не менш менавіта з апорай на яго Царква пачала развіваць сваё навучанне на гэтую тэму.

Нарэшце, яшчэ адно ўказанне на існаванне чысца ўтрымліваецца ў старазапаветнай Другой Кнізе Макабэяў. Там гаворка ідзе пра загінуўшых падчас бітвы воінаў, за якіх узносілася ахвяра і малітва: “Таму прынёс (Юда Макабэй) за памерлых ахвяру ўміласціўлення, каб ачысціліся ад граху” (2 Мак. 12,46). Гэты фрагмент зноў жа ўказвае на існаванне магчымасці маліцца за душы памерлых, якія маюць магчымасць у тым, каб “ачысціцца ад граху”. Калі б яны прабывалі ў пекле, малітвай мы б ім ужо не дапамаглі, а калі на Небе – то малітвы ім ужо б былі не патрэбны. З гэтага вынікае, што душы памерлых, якія прыбывалі ў згодзе з Богам, трапляюць у часовы, прамежкавы стан ачышчэння, які мы называем чысцам. Такім чынам, навучанне Касцёла пра чысцец не з’яўляецца неабгрунтаванай выдумкай, але абапіраецца на тэксты Святога Пісання і Святую Традыцыю.

radiovaticana.va

Каментары: