Умацаванне пазіцый Уніяцкай Царквы (другая палова XVII - пачатак XVIII ст.)

- . Апублікавана ў Гісторыя Царквы

Войны 1654-1667 г. паставілі Рэч Паспалітую ў складаную дэмаграфічную, эканамічную і гуманітарную сітуацыю. У самым глыбокім заняпадзе апынулася сельская гаспадарка. Пасля вайны больш за палову былых плошчаў зямлі не апрацоўвалася, і ў найбольш пацярпелых раёнах доўгі час пусткай ляжалі амаль усе палі. “Выкліканая вайной татальная дэструкцыя змяніла літаральна ўсё - ад матэрыяльных умоў жыцця народу да моўна-культурнай і канфесійнай сітуацыі. Канчаткова і незваротна адышлі ў мінулае часы былой рэлігійнай талерантнасці”. Дзяржаўная ўлада і шляхта займаюць варожую пазіцыю ў адносінах да Праваслаўнай Царквы і, наадварот, пачынаюць больш рашуча падтрымліваць Царкву Уніяцкую. Абумоўлена гэта было перш за ўсё палітыка акупацыйнай маскоўскай адміністрацыі, якая на занятых тэрыторыях гвалтоўна ўводзіла праваслаўе, і адкрытым супрацоўніцтвам праваслаўнага духавенства з царскай уладай, што скампраметавала яго ў вачах шляхты, а таксама намаганнямі Масквы падпарадкаваць Праваслаўную Царкву Беларусі і Украіны свайму патрыярху. Вайна таксама "развеяла міф пра вызваленчую ролю расійскага самадзяржаўя", таму больш прыхільна да Уніі пачаў ставіцца і просты народ.

У Сенаце больш не застаецца ніводнага прадстаўніка, які б падтрымліваў праваслаўных у барацьбе з Уніяй. Апошнім быў троцкі кашталян Аляксандр Агінскі, які памёр у 1667 г. З гэтага часу Сенат складаецца толькі з католікаў, а ўмацаванне пазіцый Уніяцкай Царквы было наўпрост звязана з уразаннем правоў праваслаўных, якіх з таго часу афіцыйна пачынаюць называцца дызунітамі.

У 1667 г. была выдадзена соймавая канстытуцыя, згодна з якой “духавенства “грэчаскай рэлігіі, якое знаходзіцца ў уніі”, назаўсёды вызвалялася ад усіх ваенных павіннасцей: стацый, выдачы правіянту, дадатковых стацыйных падаткаў, сутачных, падводаў і наогул усіх вайсковых нагрузак і караў”, а ў 1668 г. кароль Ян Казімір выдае дыплом, які дазваляў уніятам вярнуць адабраныя цэрквы, манастыры і маёмасць, якія ім належалі, у якім, у прыватнасці, пісаў, што ў Полацку, як і “ў Віцебску, у адплату за пралітую кроў блаславёнага мучаніка Язафата, па законе павінна існаваць адна толькі св. унія”. У тым жа годзе кароль высылае грамату ўладам і жыхарам Полацка, у якой падкрэслівае, каб "войт полацкі і ўсё паспольства сурова трымаліся, каб ніякая асоба, акрамя тых, хто вызнае рыма-каталіцкую і з'яднаную з ёй грэчаскую веру, не дапускалася да займання месцаў бурмістра, радніка, лаўніка, а таксама і ніжэйшых пасадаў, разходніка і сельскіх".

16 верасня 1668 г. кароль Ян Казімір адрокся ад трона. Сойм, які сабраўся пасля таго, “прыняў рашэнне прызнаць з’яднаным усе правы і прывілеі, нададзеныя ім папярэднімі каралямі, вярнуць з’яднаным усе цэрквы, манастыры і належную маёмасць, а па-над гэта вярнуць з’яднаным Пярэмышльскую епархію і Лішчынскую архімандрыю”. Акрамя таго, да pacta conventa1 быў дададзены ўступ пра праваслаўе, згодна з якім “кароль абавязваўся пры першай магчымасці ўрэгуляваць рознагалоссі, “якія ўзніклі ў выніку супрацьстаяння людзей грэчаскай рэлігіі”, і адначасова абяцаў “маёнткаў і духоўных пасадаў грэчаскай царквы не даваць нягодным людзям і не дазваляць такім асобам карыстацца імі пры адыходзе”, і які быў накіраваны на падтрымку ўніяцкага духавенства.

На элекцыйным Сойме2 ў 1669 г. каралём быў абраны Міхаіл Вішнявецкі (1669-1673), які сваёй прысягай пацвердзіў вышэйзгаданы ўступ у pacta conventa. У тым жа годзе новаабраны кароль зацвердзіў усе прывілеі Уніяцкай Царквы і юрыдычна зраўняў у правах уніяцкае духавенства з рыма-каталіцкім.

Праваслаўныя таксама падалі сваю просьбу на элекцыйны сойм, у якой патрабавалі ліквідацыі Уніі, але маршал Фелікс Патоцкі3 не дазволіў абмеркаванне гэтай прапановы. На наступным Сойме ў 1670 г. яны ўжо пры дапамозе казакоў патрабавалі задаволіць іх просьбу. У адказ была ўтворана камісія з шасці чалавек, якая на Сойме 1671 г. адхіліла патрабаванне, а ўніятаў "пастанавіла пакінуць у спакоі".

Ва ўмовах такога паспяховага раскладу спраў для Уніі мітрапаліт Гаўрыіл Календа зноў уздымае пытанне допуску ўніяцкіх біскупаў да Сената. Яго падтрымлівае Папа Клімент IX (1667-1669). Кароль, аднак, прызнае месца ў Сенаце толькі для мітрапаліта, але з агаворкай часова не карыстацца гэтым правам з-за праваслаўных. У будучыні гэты прывілей так і не ўвайшоў у жыццё.

У 1674 г. паміраюць кароль Міхаіл Вішнявецкі і мітрапаліт Гаўрыіл Календа. Новым мітрапалітам становіцца Кіпрыян Жахоўскі (1674-1693), які, атрымаўшы зацвярджэнне ад Апостальскай Сталіцы, дамагаецца пацверджання ўсіх правоў і прывілеяў Уніяцкай Царквы ад новага караля Яна III Сабескага (1674-1696)4. У той жа час становішча ўніятаў і стаўленне дзяржавы да іх яшчэ больш паляпшаецца5. Прычынамі гэтага былі барацьба казакоў паміж сабой, якая адцягвала іх ад рэлігійнай барацьбы, і імкненне ўрада перашкодзіць сувязям насельніцтва Беларусі і Украіны з Масквой і Канстанцінопалем. У 1676 г. былі прыняты пастановы Сойма, якія ліквідавалі стаўрапігію6 праваслаўных брацтваў, якія разам з казацтвам былі найбольшай апазіцыяй да Уніі. Згодна з новым заканадаўствам, брацтвам было забаронена мець зносіны з патрыярхам, за выключэннем пытанняў веры, і ад гэтага часу яны падпарадкоўваліся мясцовым біскупам. Гэта стварала ўмовы для магчымага пераходу біскупа на Унію або яго замены ўніятам на загад караля.

У тым жа годзе намаганнямі мітрапаліта К. Жахоўскага Апостальская Сталіца выдала дэкрэт, які абвяшчаў уніяцкаму духавенству ўсе прывілеі, якімі карысталася рыма-каталіцкае духавенства.

Чарговым крокам улады былі перамовы з праваслаўнымі біскупамі аб іх пераходзе на Унію, якія пачаліся прыблізна ў 1677 г. У выніку перамоў сфармаваўся гурток праваслаўнага духавенства на чале з львоўскім біскупам Іосіфам Шумлянскім7, якія выразілі гатоўнасць перайсці на ўніяцтва. Рэалізацыя такога плана дазваляла аднавіць адзінства Усходняй Царквы ў Рэчы Паспалітай і спыніць царкоўную барацьбу, што, адпаведна, паляпшала атмасферу ў грамадстве.

У 1677 г. львоўскі біскуп Іосіф Шумлянскі ў прысутнасці караля Яна Сабескага і мітрапаліта Кіпрыяна Жахоўскага складае каталіцкае вызнанне веры. Пасля гэтага Сойм прымае пастанову аб правядзенні сінода для абмеркавання праблемных пытанняў паміж праваслаўнымі і ўніятамі. Кароль склікае яго ў студзені 1680 г. у Любліне. Аднак адразу пасля адкрыцця з’езд быў прыпынены па палітычных прычынах - каралю была патрэбная дапамога казакоў і Масквы для абароны ад туркаў. У сваім лісце кароль паведамляў, што з’езд пераносіцца на ліпень, але і тады сустрэча не адбылася, паколькі на яе не прыбылі прадстаўнікі праваслаўнага боку.

Няўдалая спроба аб'яднання праз агульны сход была кампенсавана ў наступным годзе ў Варшаве пераходам на унію ў прысутнасці папскага нунцыя львоўскага біскупа Іосіфа Шумлянскага, пярэмышльскага біскупа Інакенція Вінніцкага, уніўскага архімандрыта Варлаама Шаптыцкага і ігумена Ліснянскага манастыра Сільвестра Твароўскага. У гэты ж час Шумлянскі разам з мітрапалітам Жахоўскім склалі праект пад назвай "Modi concordiae ecclesiarum" ("Спосабы да прымірэння цэркваў"), які быў унесены на разгляд ураду. У дакуменце ад імя ўніяцкай іерархіі і ўсяго рускага народа вылучаліся просьбы захавання абрадаў і звычаяў, права рускага духавенства карыстацца ўсімі свабодамі і прыналежнасцю святароў да юрысдыкцыі аднаго біскупа, вяртанне стаўрапігійскіх брацтваў у падпарадкаванне біскупам, роўныя правы з рымскім духавенствам, абранне дэпутатаў да Трыбунала8 з асяроддзя ўніяцкіх біскупаў і архімандрытаў, права ўдзелу ўніяцкага духавенства ў сойміках, незалежнасць уніяцкага духавенства ў справах веры ад свецкіх судоў і інш.9 Гэты праект быў разгледжаны спецыяльнай камісіяй, прызначанай каралём, якая задаволіла ўсе просьбы, за выключэннем тых, якія патрабавалі прыняцця рашэння Сойма. У прыватнасці, было пацверджана права на бенефіцыі, роўнасць правоў і свабод уніяцкага духавенства з лацінскім, брацтвы падпарадкоўваліся біскупам, фармальна абвяшчалася роўнасць грамадзянскіх правоў шляхты і мяшчан-уніятаў з рыма-каталікамі, гарантавалася існаванне семінарый у кожнай епархіі і інш.10

Маючы частку праваслаўнай вярхушкі, якая перайшла на унію, улады Рэчы Паспалітай, прыслухаўшыся да парадаў Іосіфа Шумлянскага, выкладзеных у запісцы да ўрада11, пачалі ўтоеную палітыку падтрымкі тайных уніятаў сярод праваслаўнай іерархіі і ўмацавання Уніі. Сярод захадаў можна назваць размеркаванне бенефіцый людзям, прыхільным да Уніі, і намаганні разарваць сувязі паміж праваслаўным духавенствам і Кіеўскай мітраполіяй. "Унія карысталася адкрытай падтрымкай найбагацейшых колаў грамадства, што забяспечвала хуткі рост яе матэрыяльнай і сацыяльнай базы". У выніку тры з чатырох праваслаўных епархій у Рэчы Паспалітай перайшлі на унію: Пярэмышльская ў 1691 г., Львоўская ў 1700 г., Луцкая ў 1702 г. Праваслаўнай засталася адна Беларуская (Мсціслаўска-Магілёўская) епархія.

У 1699 г. Сойм чарговы раз пацвярджае ўсе прывілеі, нададзеныя ўніятам, і выдае новую пастанову12, паводле якой "толькі "мяшчане, сапраўдныя ўніяты выключна здольныя займаць выбарныя пасады ў магістраце", з якіх праваслаўныя выключаюцца назаўсёды".

Такім чынам, гістарычнае развіццё Рэчы Паспалітай з сярэдзіны XVII да пачатку XVIII ст. прывяло да паслаблення краіны як на знешнепалітычнай арэне, так і ў пытаннях унутранай палітыкі. За гэты час краіна панесла тэрытарыяльныя страты, а дзяржаўная ўлада практычна страціла здольнасць самастойна вырашаць важныя пытанні грамадска-палітычнага жыцця. З кожным годам усё больш узмацняецца ўплыў суседніх краін, у прыватнасці Аўстрыі і Расіі.

Пачатак казацкай вайны ўнутры краіны істотна пагоршыў не толькі фактычнае, але і юрыдычнае становішча Уніяцкай Царквы. Разам з фізічным выцясненнем з тэрыторыі Украіны, яна панесла страты ў прававым плане ў выніку саступак праваслаўным, зробленых уладамі Рэчы Паспалітай пасля падпісання Збораўскага трактата і Гадзяцкага дагавора. Гэтыя страты датычыліся ў першую чаргу маёмасці і бенефіцый, а таксама кіравання епархіямі. Паколькі Уніяцкая Царква фактычна не існавала на тэрыторыі Украіны з-за баявых дзеянняў і негатыўнага стаўлення казакоў да Уніі, адзіным цэнтрам яе дзейнасці стала Вялікае княства Літоўскае. Калі на тэрыторыі Украіны Уніяцкая Царква наогул адсутнічала, то ў Вялікім княстве ёй давялося канкураваць і змагацца за свае правы з Праваслаўнай. У 1660-х гадах існавала тэндэнцыя, каб каралеўская ўлада цалкам адмовілася ад ідэі Уніі, і толькі ўмяшанне Рыма прымусіла караля звярнуць увагу на патрэбы ўніятаў і зацвердзіць мітрапаліта, што дазволіла Царкве выйсці з арганізацыйнага крызісу. Падпісанне Андрусаўскага перамір’я, адыход часткі Украіны да Маскоўскай дзяржавы і змена стаўлення часткі казакоў да Уніі стварылі перадумовы для таго, каб Уніяцкая Царква пачала аднаўляць свой прававы статус і вяртаць маёмасць.

Заканчэнне вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй істотна паспрыяла змене дзяржаўнай палітыкі на карысць Уніяцкай Царквы. Гэта суправаджалася парушэннем рэлігійнай свабоды праваслаўных, якія цяпер успрымаліся як здраднікі і прыхільнікі Масквы. Цяпер улады канчаткова ўзялі курс, каб пакінуць у краіне адну ўсходнюю Царкву - Уніяцкую. Гэта задача была рэалізавана як з дапамогай традыцыйных прывілеяў і іх пацверджання, так і праз таемную палітыку пераводу праваслаўных на Унію. Для гэтага былі паспяхова выкарыстаны прадстаўнікі вярхушкі Праваслаўнай Царквы, якія прыхільна ставіліся да Уніі. Няўдалая спроба аб'яднаўчага з'езда ў 1680 г. у Любліне была кампенсавана пераходам трох праваслаўных епархій ва Уніяцкую Царкву. Уніяцкая Царква ўступіла ў новае стагоддзе значна ўзмоцненай: хаця, нягледзячы на дэкларацыі і фармальныя пастановы, якія гарантавалі ўніятам роўнасць з рыма-каталікамі, на практыцы такой роўнасці ўсё ж не існавала, разам з тым Царкве больш не трэба было прыкладаць столькі намаганняў, каб даказаць сваё права на існаванне і барацьбу з праваслаўнымі.

а. Зміцер Чарнель, CSsR

-----------------------

Pacta conventa (лац. "агульнае пагадненне") - дамова, якая з 1573 па 1764 г. заключалася паміж шляхтай Рэчы Паспалітай і новаабраным каралём пры яго "вольных выбарах". Pacta conventa юрыдычна замацоўвала абавязак абранага караля паважаць законы Рэчы Паспалітай і вызначала яго абавязацельствы і абяцанні ў галіне міжнародных адносін, падаткаў, дзяржаўнага доўгу, узброеных сіл і г. д. Дакумент скаладаўся на элекцыйным сойме, і яго падпісанне кандыдатам у каралі было ўмовай абрання караля на трон.

Элекцыйны сойм - у Рэчы Паспалітай XVI-XVIII ст. сойм, які склікаўся для выбараў караля.

Фелікс Казімір Патоцкі (1630-1702) - з 1663 г. вялікі каронны стольнік (у іерархіі пасада займае сёмае месца), з 1669 г. ваявода сярадзкі.

Ян III Сабескі (1629—1696) — кароль Рэчы Паспалітай з 1674 г., маршалак вялікі каронны з 1665 г., гетман польны з 1666 г., гетман вялікі каронны з 1668 г. Сваім ваенным талентам на доўгі час забяспечыў спакой Рэчы Паспалітай на паўднёвых межах.

«Адзін з пунктаў pacta conventa Яна Сабескага забараняў надаваць землі і пасады ў Рускай Царкве "асобам неадпаведным", прычым неадпаведнымі лічылі тых, хто заставаўся непрыхільным да уніі». Саганович Г. Берестейська унія в контексті політичної історії Білорусі // Берестейська унія (1596) в історії та історіографії: спроба підсумку. Матеріали міжнародного наукового діалогу про Берестейську унію фундації PRO ORIENTE (третя зустріч: Львів, 21-23 серпня 2006 р.) та Міжнародного наукового симпозіуму Інституту історії Церкви Українського Католицького Університету «Берестейська церковна унія: перспективи наукового консенсусу в контексті національно-конфесійного дискурсу» (Львів, 24-27 серпня 2006 р.) / За ред. Й. Марте і О. Турія. Львів 2008, с. 479.

Стаўрапігія - права манастыра, брацтва не падпарадкоўвацца мясцовай епархіяльнай уладзе, а непасрэдна патрыярху або сіноду; статус незалежнасці ад мясцовай епархіяльнай улады.

Шумлянскі Іосіф (1643-1708) - украінскі царкоўны дзеяч. Выхоўваўся пры двары польскага караля Яна III Сабескага. Некаторы час служыў у войску. У лютым 1667 г. быў прызначаны Львоўскім праваслаўным біскупам, але фактычна заняў кафедру ў 1676 г. У 1675 і 1679-1700 г. быў адміністратарам Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі.

Каронны трыбунал - найвышэйшы апеляцыйны суд для ўсіх станавых шляхецкіх судоў у Рэчы Паспалітай, які разглядаў скаргі на рашэнні судоў ніжэйшай інстанцыі - грамадскіх, земскіх і падкаморскіх. Ён быў утвораны ў адпаведнасці з пастановай Варшаўскага сойма 1578 г. Члены Трыбунала (усяго 27 суддзяў) называліся дэпутатамі. Абіраліся ваяводскімі соймікамі па аднаму ці два ад ваяводства тэрмінам на 1 год. Узначальваў пасяджэнні Трыбунала маршалак, які абіраўся з ліку дэпутатаў.

Пункты, составленные униатским митрополитом Жоховским и Львовским епископом Шумлянским от имени якобы целого народа Русского, заключающие требования и желания высшего униатского духовенства. 1681 // Архив Юго-Западной России. Ч. І, Т. IV. Киев 1871, с. 41-42.

10 Пункты, определяющие льготы и права, жалуемые униатам, постановленные комиссией, назначенною королем для этой цели. 1681. Марта 18 // Архив Юго-Западной России. Ч. І, Т. IV. Киев 1871, с. 43-47.

11 Соображения, представленные польскому правительству униатскими епископами о том, чтобы до более удобного времени держать в тайне вновь постановленные меры о насильственном введении унии и чтобы приготовить к ним постепенно народ и православное духовенство, из опасения, в противном случае, восстания и вмешательства соседних держав во внутренние дела Речи Посполитой. 1681 // Архив Юго-Западной России, с. 47-49.

12 Постановление Варшавского сейма о допущении мещан-униатов к занятию магистратских должностей в городах // Уния в документах, с. 258-259.

Каментары: