Уніяцкая Царква ва ўмовах казацкай і польска-маскоўскай вайны (1648-1667)
Новую старонку ў гісторыі уніі адкрываюць падзеі, якія пачаліся ў 1648 г. Да гэтага моманту Уніяцкая Царква прыйшла ў прававым і фактычным плане нічым не лепшым, чым на момант падпісання уніі. Умовы Берасцейскай уніі адносна раўнапраўя Уніяцкай Царквы з Рыма-Каталіцкай дагэтуль не былі выкананы. “Шляхцічам-уніятам адмаўлялі ў дзяржаўных пасадах, біскупам месца ў Сенаце […] Польшча ставіла Уніяцкую Царкву ў падвойна цяжкае становішча. З аднаго боку, гэтая Царква выклікала на сябе гнеў і нянавісць праваслаўных [...], а з іншага [...] была вымушаная адбіваць наступ лацінства”. Нягледзячы на тое, што ўніяты мелі значную падтрымку з боку Рыма, улады Рэчы Паспалітай у большасці выпадкаў ігнаравалі пазіцыю Апостальскай Сталіцы. Адзіным пазітывам былі ўнутраныя змены ў Царкве, якая стала больш арганізаванай і адукаванай.
Сама Рэч Паспалітая на 1648 г. "была адной з наймацнейшых дзяржаў Еўропы". У той час, як суседнія краіны - германскія княствы, Швецыя, Масковія, Асманская імперыя - пакутавалі ад наступстваў войнаў і ўнутраных канфліктаў, Рэч Паспалітая, краіна ад Балтыйскага да Чорнага мора, выглядала добра. "Замірэнне ўкраінскіх казакоў у войнах 1630-х гадоў здавалася надзейным і канчатковым, знакамітая гусарская конніца непераможнай, эканоміка і гандаль квітнелі, а ўнутрыпалітычнае жыццё гарманічным і дасканалым".
Аднак за знешняй стабільнасцю хаваліся істотныя ўнутраныя недахопы, у тым ліку слабасць каралеўскай улады і карупцыя. Шырокія шляхецкія прывілеі падкрэслівалі глыбокую сацыяльную няроўнасць у грамадстве. Таму да сярэдзіны XVII ст. у грамадстве паўсталі вострыя супярэчнасці, выкліканыя польскай палітыкай нацыянальнай і эканамічнай дыскрымінацыі, выключэннем украінскага насельніцтва з удзелу ў самакіраванні, наступам фальваркава-паншчыннай гаспадаркі. Усё гэта стала прычынай паўстання на тэрыторыі Украіны і ўцягваннем у барацьбу замежных дзяржаў. Таму другая палова XVII ст. "стала для Польска-Літоўскай дзяржавы часам узрушэнняў, якіх раней не ведалі ні шляхецкая Рэч Паспалітая, ні Польскае каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае".
На працягу XVII ст. вырашальным элементам у адносінах паміж дзяржавай і Праваслаўнай Царквой фактычна стала казацтва. А падчас вайны пад кіраўніцтвам Б. Хмяльніцкага рэлігійны чыннік стаў паказчыкам прыналежнасці да пэўнага лагера. "Калі паўстанцы бачылі патэнцыйных ворагаў ва ўсіх, хто не быў праваслаўным, то польскія ўлады разглядалі праваслаўных як патэнцыйных прыхільнікаў Б. Хмяльніцкага". У далейшым казацкая вайна прывяла да ваеннага ўмяшання суседніх дзяржаў.
У выніку казацкага паўстання і войнаў з Расіяй, Швецыяй і Прусіяй дзяржава панесла значныя тэрытарыяльныя страты. Акрамя таго, значна аслабла яе міжнароднае значэнне. Разбуральныя змены адбыліся і ў эканоміцы краіны. Эканамічны патэнцыял быў зменшаны з-за тэрытарыяльных і людскіх страт.
Праблемы і цяжкасці сярэдзіны XVII ст. пабудзілі палітычную эліту шукаць магчымасцяў правядзення рэформаў для ўмацавання каралеўскай улады, але такія спробы выклікалі магнацка-шляхецкую апазіцыю на чале з Юрыем Любамірскім1, які атрымаў перамогу над каралеўскімі войскамі ў 1666 г., сарваўшы спробы рэформаў. У 1670-х гадах прэстыж каралеўскай улады быў вельмі нізкім, магнаты дэманстратыўна не падпарадкоўваліся каралю.
У другой палове XVII ст. таксама значна ўзмацняецца ўплыў іншых краін на ўнутраную палітыку Рэчы Паспалітай, а менавіта Аўстрыі, Швецыі, Брандэнбурга і Францыі. І найбольш важную ролю адыгрывалі Аўстрыя і Францыя, якія, змагаючыся за гегемонію ў Еўропе, намагаліся пасадзіць свайго стаўленіка на каралеўскі трон Рэчы Паспалітай. Уплыў суседняй Маскоўскай дзяржавы закранаў таксама і рэлігійную сферу. Так, паводле ўмоў Андрусаўскага міру 1667 г., Праваслаўная Царква на Левабярэжнай Украіне знаходзілася пад пратэктаратам Расіі, а з 1685 г. і Кіеўскі мітрапаліт прызначаўся Масквой. Права Маскоўскай дзяржавы ўмешвацца ў рэлігійныя справы Рэчы Паспалітай было замацавана і ў "Вечным міры" 1686 года.
Унутры краіны не было сацыяльнай групы, на якую кароль мог бы абапірацца для ўмацавання сваёй улады і цэнтралізацыі краіны. Наадварот, структура ўлады і палітычная культура спрыялі таму, што Рэч Паспалітая заставалася шляхецкай дзяржавай.
У 1648 г. Багдан Хмяльніцкі ўзначаліў ваеннае выступленне казакоў супраць Польшчы. Першыя перамогі казацкага войска далі пачатак усенароднаму паўстанню, якое ахапіла ўсё Падняпроўе, а пазней Валынь і Галічыну. Уніяцкім мітрапалітам у гэты час быў Антоній Сялява (1640-1655). Перамогі Хмяльніцкага прымусілі караля Яна Казіміра Вазу (1648 - 1668) падпісаць 18 жніўня 1649 г. Збораўскі трактат (цяпер Збораў - раённы цэнтр у Цярнопальскай вобласці, Украіна). Дакумент меў форму аднабаковага каралеўскага маніфеста, "акта каралеўскай ласкі, дараваны яго падданым па просьбе і хадайніцтву крымскага хана" , і афіцыйна называўся "Дэкларацыя ласкі караля, яго міл. дадзена на пункты прашэння войска Запарожскага". Пазней абодва бакі пачалі выкарыстоўваць тэрмін трактат. Згодна з яго ўмовамі2, Праваслаўнай Царкве павінны былі надацца пэўныя грамадзянскія правы, што, разам з ліквідацыяй Уніяцкай Царквы, перадавалася на вырашэнне Сойму.
Тут варта згадаць таксама тыя умовы, якія на перамовах вылучыла казацкае пасольства, але якія не былі адлюстраваны ў выніковым дакуменце. Так, казакі патрабавалі ліквідацыі Уніі на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай, забароны ўніятам займаць пасады ва ўсходняй Царкве, перадачы праваслаўным храмаў і царкоўнай маёмасці, якія належалі ўніятам, а таксама месца ў Сенаце для Кіеўскага мітрапаліта і двух біскупаў. Як адзначае М. Грушэўскі, для караля былі непрымальныя патрабаванні казакоў, у тым ліку і адносна Уніі. Таму ён не згаджаецца ўключыць іх у сваю дэкларацыю, перадаючы справу вырашэння будучаму Сойму ў Варшаве.
На Сойме, які адбыўся ў студзені 1650 г., пачалася барацьба паміж двума партыямі: шляхтай і пасольскай палатай на чале з Янушам Радзівілам3 і Ярэмай Вішнявецкім4 з аднаго боку і каралём і канцлерам з другога. На думку Грушэўскага, рэлігійны пункт Збораўскага трактата выклікаў найбольшую хвалю пратэсту, у тым ліку з боку папскай курыі і духоўных сенатараў. Праблема была вырашана агульным зацвярджэннем Збораўскага трактата без паўтарэння якіх-небудзь яго фармулёвак, а рэлігійнае пытанне было вынесена з Сойма на абмеркаванне канферэнцыі сенатараў з праваслаўным мітрапалітам. Вынікам абмеркавання стаў каралеўскі прывілей “народу рускаму”5 ад 12 студзеня 1650 г., які меў характар пацверджэння і аднаўлення сілы акта караля Уладзіслава6. Гэта значыць, адбылося пацверджанне "раўнапраўнасці Праваслаўнай Царквы з Уніяцкай, а не скасаванне Уніі. За праваслаўнымі прызнаюцца правы на ўладыцтвы луцкае, холмскае, віцебскае. [...] пярэмышльскае, [...] вызнаецца свабоднае адпраўлянне богаслужэнняў і абрадаў усяму народу рускаму неўніяцкаму, [...] дазваляюцца брацтвы ўсе, дзе яны існуюць і дзе былі забароненыя і г.д."
Абвешчаны дадзены прывілей быў універсалам караля ад 19 студзеня 1650 г. Аднак ужо прыблізна ў 1651 г. уніяцкі мітрапаліт Антоній Сялява піша пра парушэнні на карысць праваслаўнага боку, у прыватнасці гэта тычылася царкоўнай маёмасці, бенефіцыяў8 і храмаў. У 1651 г. праваслаўнай становіцца Пярэмышльская епархія, а на тэрыторыях ваенных дзеянняў (Кіеўскае, Брацлаўскае, Чарнігаўскае ваяводствы, частка Валыні) Уніяцкая Царква прыпыняе сваё існаванне.
Зацвярджэнне ўмоў Збораўскага трактата не прывяло да іх рэалізацыі на практыцы, што прывяло да аднаўлення баявых дзеянняў. 28-30 чэрвеня 1651 г. казацкія войскі былі разбіты каронным войскам пад Берастэчкам (цяпер раённы цэнтр Валынскай вобласці, Украіна), што прывяло да Белацаркоўскага пагаднення 28 верасня 1651 г., у якім нічога не гаварылася пра Унію. Пагадненне не было зацверджана Соймам, а далейшы ход падзей пабудзіў Хмяльніцкага шукаць падтрымкі ў Маскве.
У 1654 г. паміж гетманам і Масквой было падпісана пагадненне9, у выніку якога Маскоўская дзяржава аб'явіла вайну Рэчы Паспалітай і пачала наступ з паўночнага ўсходу. Наступленне суправаджалася разбурэннем уніяцкіх цэркваў, манастыроў, выгнаннем і забойствамі ўніяцкіх святароў. Смаленская ўніяцкая епархія перайшла да праваслаўных, падобная пагроза навісла і над Полацкай архіепархіяй.
Пасля смерці мітрапаліта Антонія Сялявы ў 1655 г. мітраполія заставалася без кіраўніка на працягу адзінаццаці гадоў, паколькі ваенныя абставіны перашкаджалі прызначэнню новага мітрапаліта. Ва ўмовах вайны дзяржава не абараняла ўніятаў і імкнулася зрабіць усё, каб не выклікаць гнеў праваслаўных. Фактычным выканаўцам абавязкаў мітрапаліта стаў Гаўрыіл Календа (1655-1674)10, якога кароль Ян Казімір у 1656 г. прызначыў загадчыкам мітрапалітавай маёмасці, аднак не хацеў зацвердзіць яго мітрапалітам, "каб не раздражняць казакоў".
Тым часам у 1657 г. памірае Багдан Хмяльніцкі. Запарожскае "нізавае таварыства" падымае бунт супраць новага гетмана Івана Выгоўскага (1657-1659)11, накіраваны супраць цвёрдай формы ўлады. "Фармальнай прычынай пратэсту стала тое, што сечавікі не былі запрошаны на выбары новага гетмана". Масква падтрымала казацкую апазіцыю, і Выгоўскі, перамогшы бунтароў, 16 верасня 1658 г. падпісвае Гадзяцкую дамову з Рэччу Паспалітай, якая прадугледжвала ліквідацыю Уніяцкай Царквы ў трох рускіх ваяводствах (Кіеўскім, Брацлаўскім, Чарнігаўскім). Разам з тым, значныя грамадскія і царкоўныя правы павінна была атрымаць Праваслаўная Царква:
“Рэлігія грэчаская старажытная, тая і такая, з якой старажытная Русь далучылася да Кароны Польскай, каб заставалася пры сваіх прэрагатывах і пры свабодным адпраўлянні набажэнства, аж куды мова рускага народа даходзіць, ва ўсіх гарадах, мястэчках, вёсках, як у Кароне Польскай, так і ў Вялікім Княстве Літоўскім, таксама на соймах, у войсках, трыбуналах, не толькі ў цэрквах, але ў публічных працэсах, наведванні хворых, на свяшчэнных сходах, пры пахаванні памерлых і ва ўсім увогуле, і пры тым так, як набажэнства свайго свабодна і публічна ўжывае рымская вера.
Акрамя таго, грэчаскай рэлігіі даецца сіла свабодна засноўваць цэрквы, манаствы, новыя манастыры, а таксама абнаўляць і адбудоўваць старыя.
Што ж тычыцца цэркваў і маёмасці, фундаваных здаўна на старажытную царкву грэчаскай рэлігіі, яны павінны заставацца ў грэкаў старажытных, праваслаўных, а цэрквы тыя пасля прадастаўлення публічных правоў вернікам праз палкоўнікаў і іншую старшыну Запарожскага войска на працягу паўгода будуць перададзены праз з абодвух бакоў прызначаных камісараў. А тую веру, якая супраціўная грэчаскай праваслаўнай і якая памнажае нязгоду паміж рымскім і старажытнагрэчаскім народамі, ні адзін з духоўнага і свецкага, сенацкага і шляхецкага станаў цэркваў, манастыроў, фундушаў засноўваць і прымнажаць не можа як у духоўных дабротах, так і ў яго каралеўскай вялікасці і ва ўласных маёнтках ніякім чынам, і сілу гэтай камісіі не будзе парушаць на вечныя часы. А рымскую веру ў ваяводствах Кіеўскім, Брацлаўскім і Чарнігаўскім свабодна вызнаваць, але паны свецкія, так і спадчынныя ўласнікі, таксама і ўрадоўцы яго каралеўскай міласці рэлігіі рымскай ніякай юрысдыкцыі не будуць мець над духавенствам, свецкімі і манахамі рэлігіі грэчаскай, акрамя ім належнага пастыра.
А што ў супольнай айчыне супольныя прэрагатывы ўзаемна належна маюць абедзве веры, то айцец Кіеўскі мітрапаліт, які ёсць цяпер і будзе пазней, з чатырма ўладыкамі: Луцкім, Львоўскім, Пярэмышльскім, Холмскім і пятым з Вялікага княства Літоўскага Мсціслаўскім, паводле іх уласнага парадку, павінны сядзець у сенаце з такой прэрагатывай і свабодна галасаваць, як у сенаце сядзяць яснавялебныя іхнія міласці рымскага вызнання. Месца аднак прызначаецца яго міласці айцу мітрапаліту пасля яго міласці ксяндза архібіскупа львоўскага, а ўладыкам пасля біскупаў іх паветаў.
У Кіеўскім ваяводстве сенатарскія годнасці не павінны надавацца толькі шляхце грэчаскай веры ў правачыннасці тых пасадаў. А ў ваяводствах Брацлаўскім, Чарнігаўскім перавагі сенатарскія павінны быць прадстаўлены альтэрнатыўна, так што пасля адстаўкі сенатара грэчаскай веры павінен заступіць сенатар рымскай веры. Аднак ва ўсіх трох ваяводствах пасады павінны аддавацца, падаўшы клятву цяперашніх пасэсараў.
Для таго, каб узрастала любоў у гарадах каронных і Вялікага Княства Літоўскага, паўсюль, дзе б ні распаўсюдзіліся цэрквы грэчаскай веры, маюць карыстацца вольнасцямі, свабодамі і ніякай перашкодай да магістрата грэчаская рэлігія не можа быць.”12
Зацвярджэнне гэтага пагаднення Соймам сведчыла пра тое, што Польшча "была гатовая пазбавіцца ад уніятаў і мець справу толькі з праваслаўнымі".
Лацінскія польскія біскупы ў гэты ж час спрабавалі пабудзіць Рым да ліквідацыі ўніяцкай іерархіі і падпарадкавання верных-уніятаў лацінскім біскупам. Яны “адмаўлялі тытулу ўніяцкім біскупам [...], патрабавалі, каб тыя плацілі ім дзесяціну, адмаўлялі ў праве на асобныя духоўныя семінарыі, школы” і г. д. Каб абараніць Уніяцкую Царкву перад Апостальскай Сталіцай, Гаўрыіл Календа высылае ў Рым холмскага біскупа Якуба Сушу13. Папа Аляксандр VII зацвердзіў Календу мітрапалітам, і той пераняў поўныя правы кіравання мітраполіяй 13 верасня 1665 г. Папа таксама накіраваў ліст каралю Яну Казіміру, “якім забараняў рабіць унію прадметам палітычнага гандлю”.
Выхад Уніяцкай Царквы з арганізацыйнага крызісу супаў з паляпшэннем ваенна-палітычнай сітуацыі. Войскі Рэчы Паспалітай перайшлі ў наступ на маскоўскае войска, а правабярэжнае казацтва на чале з гетманам Паўлам Цяцераю14 змянілі сваё стаўленне да Уніі і пачалі разглядаць яе як "форму кампрамісу і магчымага "modus vivendi" (спосабу жыцця) для ўкраінскага насельніцтва".
У 1667 г. паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай было падпісана Андрусаўскае перамір'е, паводле якога Уніяцкая Царква страчвала Смаленскую епархію, паколькі Смаленск пераходзіў у склад Маскоўскай дзяржавы. Аднак была вернутая Полацкая архіепархія, якая да гэтага знаходзілася пад уладай маскавітаў. Важным станоўчым наступствам перамір'я ў наступныя гады стала аднаўленне прывілеяў Уніяцкай Царквы ў Рэчы Паспалітай.
а. Зміцер Чарнель, CSsR
---------------------
1 Ю. Себасцьян Любамірскі (1616-1667) - польскі магнат, дзяржаўны дзеяч і польны гетман каронны з княжацкага роду Любамірскіх. Узначаліў паўстанне супраць польскай манархіі з мэтай абароны правоў арыстакратыі.
2 «Улічваючы замяшанне, спрычыненае уніяй як у Кароне Польскай, так і ў Вялікім Княстве Літоўскім, таксама ў дачыненні да царкоўнай цэласці маёмасці, фундацый, якія ёй належаць, якія былі з даўніх часоў, таксама і адносна ўсіх праў царкоўных, як будзе дамоўлена і пастаноўлена з дастойным айцом мітрапалітам кіеўскім і з духавенствам на бліжэйшым Сойме, каб па жаданні айца мітрапаліта ўсё было дазволена, яго каралеўская міласць гатовы выканаць, каб кожны цешыўся з праў і вольнасцей сваіх і дазваляе мець месца ў сенаце дастойнаму яго міласці айцу мітрапаліту кіеўскаму». Гл. Зборівський трактат, 8.
3 Януш Радзівіл (1612-1655) - віленскі ваявода, вялікі гетман літоўскі. У час паўстання пад кіраўніцтвам Б. Хмяльніцкага ўзначальваў шляхецкія войскі на землях Літвы і Беларусі.
4 Ярэма-Міхайла Вішнявецкі (1612-1651), паходзіў з літоўска-рускага княжацкага роду, адзін з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай свайго часу, уладальнік зямель на Левабярэжжы з цэнтрам у горадзе Лубны.
5 Диплом Яна-Казимира, данный в подтверждение Зборовского (1649 г.) договора, об уничтожении унии и восстановлении православия во всех давних правах // Уния в документах. Минск 1997, с. 242-244.
6 Маюцца на ўвазе "Пункты замірэння народу рускага" (або "Артыкулы замірэння грэчаскай рэлігіі", "Пункты прымірэння падданых Кароны і Вялікага княства Літоўскага рускай нацыі і грэчаскай рэлігіі"), якія былі зацверджаны пасля абрання каралём Уладзіславам IV (1632-1648) 13 лістапада 1632 г.
7 Записка митрополита Антония Селявы о Полоцкой униатской архиепископии, направленная на защиту интересов униатской церкви // Уния в документах. Минск 1997, с. 245-248.
8 Бенефіцыі - пасады і прыбытак, звязаны з пэўным санам ці званнем.
9 «Сакавіцкія артыкулы» (артыкулы Багдана Хмяльніцкага), комплекс дакументаў, якія рэгламентавалі палітычнае і прававое становішча Гетманшчыны і ўключэнне Украіны ў склад Маскоўскага царства.
10 Календа Гаўрыіл (каля 1606-1674) - уніяцкі мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсёй Русі (1655-1674). Нар. на Віленшчыне ў дробнай шляхецкай сям'і, вучыўся ў г. Брунсберг (Усходняя Прусія; 1627-30), пазней - у Вене (1633-36) і Рыме (1636-39). Пасля заканчэння навучання быў абраны архімандрытам базыльянскага манастыра ў Беразвеччы, а ў 1652 г. стаў каад'ютарам Полацкай архіепархіі.
11 Выгоўскі Іван Астапавіч - дзяржаўны, палітычны і ваенны дзеяч, гетман Украіны (1657-59). Паходзіў з украінскага шляхецкага роду Оўруцкага павета на Кіеўшчыне. На пачатку паўстання 1648-1657 г. пад кіраўніцтвам Б. Хмяльніцкага служыў у польскім войску. Патрапіў у палон да татараў. Выкуплены Б. Хмяльніцкім. Стаў адным з бліжэйшых дарадцаў гетмана. Пасля смерці Б. Хмяльніцкага на Корсунскай Радзе 1657 г. быў абраны гетманам. Працягваў палітыку Б. Хмяльніцкага.
12 Гадяцький трактат, 1.
13 Суша Якуб (1610-1687), царкоўны дзеяч і пісьменнік, які паходзіў з Менска, уступіў у ордэн базыльянаў у 1626 г., скончыў багаслоўскія студыі ў Аламоўцы (Маравія). У 1636 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Пасля смерці біскупа Мяфодзія Цярлецкага (1649) - адміністратар, з 1652 г. - холмска-белзкі біскуп.
14 Паўло Цяцера (Машкоўскі) (каля 1620 - каля 1670) - гетман Правабярэжнай Украіны (1663–1665). Да 1648 г. ён быў пісарам гарадскога суда ва Уладзіміры-Валынскім, у 1649 г. - Пераяслаўскага палка, з 1653 г. - пераяслаўскі палкоўнік. Стаўшы гетманам, ён праводзіў палітыку аддзялення Украіны ад Расіі.
Каментары: