Дзяржаўная палітыка Рэчы Паспалітай ва ўмовах існавання паралельных іерархій (1620-1648 г.)
Высвячэнне новай праваслаўнай іерархіі прыцягнула актыўную ўвагу да рэлігійных спраў Рэчы Паспалітай украінскага казацтва і Маскоўскай дзяржавы. З гэтага часу яны пачынаюць непасрэдна ўплываць на дзяржаўную рэлігійную палітыку. Уніяты і дзяржава больш не могуць ігнараваць факт існавання праваслаўнай супольнасці, якая мае незаконную, але кананічную іерархію. Такое развіццё падзей узмацняе незадаволенасць уніяй з боку польскай шляхты і рыма-каталіцкага духавенства.
Адмена антыправаслаўных указаў на Сойме 1623 г. была нядоўгай перамогай праваслаўных. Палітыка дзяржаўных органаў улады, якая пачала схіляцца ў бок праваслаўнай часткі «грэцкай веры», зноў радыкальна змяняецца на карысць уніі пасля падзеі 12 лістапада 1623 г. у Віцебску. У гэты дзень жыхарамі горада быў забіты ўніяцкі Полацкі архібіскуп Язафат Кунцэвіч (1618-1623), што стала вынікам іх канфрантацыі1 з праваслаўным архібіскупам той жа катэдры Мялеціем Сматрыцкім2. Адказам уладаў на забойства сталі рэпрэсіі не толькі супраць мяшчанаў Віцебска, але і супраць усіх праваслаўных, якім забаранілі будаваць новыя цэрквы і аднаўляць старыя. "Праваслаўе апынулася на мяжы забароны, але яго зноў выратавалі казакі, якія цвёрда папярэдзілі, што не дапусцяць закрыцця праваслаўных храмаў".
Пасля пакарання мяшчанаў Віцебска сярод праваслаўнага насельніцтва распаўсюджваецца ідэя ўзброенай барацьбы з надзеяй на падтрымку з боку Масквы і казакоў. Праваслаўны мітрапаліт Ёў Барэцкі прапанаваў маскоўскаму ўраду ўзяць Украіну пад сваю ўладу, а наступны мітрапаліт Ісая Капынскі (1631-1633) заклікаў да ўзброенага паўстання супраць уніі. Другая частка праваслаўнага духавенства па розных прычынах перайшла на унію, а іншая група святароў і феадалаў, не прымаючы прамаскоўскую арыентацыю, жадалі, застаючыся грамадзянамі Рэчы Паспалітай, дамагчыся афіцыйнай легалізацыі Праваслаўнай Царквы.
Яшчэ адной тэндэнцыяй, якая ўзнікла пасля забойства Язафата, стаў пошук кампрамісу паміж двума бакамі, ідэалам для кожнага з якіх была адзіная Кіеўская мітраполія. Таму яны ўступаюць у асцярожныя ўзаемныя кантакты, каб знайсці магчымае вырашэнне праблемы існавання іерархій рознай юрысдыкцыі на адной тэрыторыі. Прадметам абмеркавання сталі тэмы, якія Жыгімонт III прапанаваў адразу пасля Берасцейскай уніі: сумеснага сіноду ўніятаў і праваслаўных і стварэння Кіеўскага патрыярхату. У 1625 г. мітрапаліт Руцкі атрымаў дазвол ад папы Урбана VIII (1623-1644) на скліканне кожныя чатыры гады сінода, месца і час якога мітрапаліт вызначаў сам. Ужо ў наступным годзе, 6 верасня, у Кобрыне Руцкі збірае біскупаў, адміністратараў, генеральных вікарыяў, архімандрытаў і г.д. - усіх разам каля ста чалавек. Галоўнай мэтай кобрынскага сінода была падрыхтоўка да супольнага сінода з праваслаўнымі з мэтай аб'яднання. Былі запрошаныя таксама прадстаўнікі праваслаўнага боку. Кароль са свайго боку гарантаваў бяспеку ўсім членам сінода, што перш за ўсё тычылася праваслаўных, якія пасля забойства Язафата імкнуліся заставацца пад абаронай казакоў. Аднак ніхто з запрошаных праваслаўных не прыехаў, і сінод прайшоў у вырашэнні пытанняў унутранага жыцця.
З боку Праваслаўнай Царквы намаганні па аб'яднанні двух «грэцкіх рэлігій» прыкладваў Мялецій Сматрыцкі, стараннямі якога ў 1627-1628 г. адбыліся два сіноды праваслаўных у Кіеве і Гарадку на Валыні, дзе абмяркоўвалася магчымасць аднаўлення еднасці ўсходняй Царквы ў Рэчы Паспалітай. Канчаткова справа з'яднання павінна была быць разглянута на саборы 1628 г. у Кіеве, але пад ціскам казакоў і свецкіх сабор адхіліў погляды Сматрыцкага як неправаслаўныя і прымусіў яго адмовіцца ад ідэі царкоўнага адзінства.
У наступным годзе на Сойме праваслаўныя біскупы, вызваліўшыся ад ціску казакоў, зноў прапанавалі ўніятам правесці сумесны сінод, на што тыя пагадзіліся. Агульным бачаннем урэгулявання сітуацыі было ўтварэнне Кіеўскага патрыярхату, які б знаходзіўся ў еднасці з Рымам. Першым крокам павінны былі стаць асобныя сіноды праваслаўных у Кіеве і ўніятаў ва Уладзіміры-Валынскім. Абодва сабраліся ў адзін дзень, 9 ліпеня 1629 г. Аднак сваю ролю зноў адыграла казацтва, якое чарговы раз «паставілася супраць усялякага з'яднання і пагразілі смерцю мітрапаліту Барэцкаму ды іншым біскупам, калі б яны адважыліся на нейкае паразуменне са з'яднанымі», таму на сумесны сінод, прызначаны на кастрычнік у Львове, не прыбыў ніхто з праваслаўных. Уніяцкі бок, у сваю чаргу, не атрымаў кананічных паўнамоцтваў з Рыму на правядзенне аб'яднаўчага сіноду, і справа аб’яднання скончылася няўдачаю.
Ва ўмовах уніяцка-праваслаўнага супрацьстаяння на другі план адышла іншая праблема Уніяцкай Царквы - нераўнапраўнае становішча ў параўнанні з Рыма-Каталіцкай Царквой. Хоць фармальна дзяржаўныя акты (каралеўскія прывілеі, соймавыя канстытуцыі і акт Берасцейскай уніі) гарантавалі роўнасць уніятам, на практыцы такой роўнасці не было. Лацінская іерархія ставілася да ўніяцкіх біскупаў як да ніжэйшых і падначаленых. За некалькі дзесяцігоддзяў так і не была выкананая ўмова пра месца ў Сенаце. Кожная такая сітуацыя выклікала рэакцыю мітрапаліта Руцкага, які ўвесь час звяртаўся да Папы Рымскага, караля і Сойму. Найбольшы плён прынесла перапіска з Папам. Урбан VIII неаднаразова патрабаваў ад рыма-каталікоў паважлівага стаўлення да ўніятаў і прасіў Жыгімонта III надаць доступ з'яднаным біскупам да Сената. Аднак звароты Папы як правіла ігнараваліся.
Новая эпоха ў гісторыі Уніяцкай Царквы пачынаецца са смерцю 30 красавіка 1632 г. караля Жыгімонта ІІІ. Падрыхтоўка да абрання новага караля пачалася з правядзення правінцыйных соймаў, на якіх сярод іншых фармуляваліся таксама рэлігійныя патрабаванні. Праваслаўныя паслы зноў уздымаюць пытанне праў і свабод "старажытнага рускага народа, які знаходзіцца ў залежнасці ад Канстантынопальскага патрыярха". У сваю чаргу ўніяцкі бок меў дырэктыву не дапусціць абмеркавання царкоўных пытанняў на канвакацыйным Сойме (у Рэчы Паспалітай XVI-XVIII ст. сойм, які склікаўся Гнезненскім архібіскупам пасля смерці караля для падтрымкі законнасці, выконваў каралеўскія функцыі падчас адсутнасці манарха. На ім рабіліся ўсе неабходныя распараджэнні адносна будучага элекцыйнага Сойма).
Сойм пачаўся 22 чэрвеня 1632 г. Спецыяльна для яго праваслаўныя падрыхтавалі свой праграмны твор "Сінопсіс", "каб даказаць паслам і сенатарам права на сваю Царкву, свайго мітрапаліта і сваіх святароў". У ім былі сабраныя прывілеі вялікіх князёў, соймавыя канстытуцыі і ўніверсалы, нададзеныя Праваслаўнай Царкве з 946 да 1632 г., у тым ліку Прывілей Ягайлы 1386 г., Аляксандра 1501 г., а таксама прывілеі 1511, 1514, 1550, 1557, 1567 і 1569 г. Праваслаўныя і пратэстанты паставілі ўмовай для пачатку нарадаў забеспячэнне свабоды веравызнання. Каталіцкая частка жадала адкласці разгляд царкоўных пытанняў на элекцыйны Сойм3. 14 пунктаў патрабаванняў праваслаўных і пратэстантаў былі прадстаўленыя ў "puncta dissendium de religione". У іх "патрабавалася вяртання забраных ад праваслаўных і пратэстантаў правоў і іх зраўнання ў правах з каталікамі". Для разгляду гэтых умоў былі створаны дзве камісіі, адна з якіх займалася пунктамі адносна пратэстантаў, а другая вырашала спрэчку паміж уніятамі і праваслаўнымі. Апошнюю камісію ўзначаліў каралевіч Уладзіслаў4. Спачатку пасяджэнні камісіі праходзілі ў форме дэбатаў паміж праваслаўнымі, якіх прадстаўляў кіева-пячэрскі архімандрыт Пётр Магіла, і ўніятамі, з боку якіх выступаў мітрапаліт Язэп Руцкі. Абодва бакі абаранялі свае правы і пераемнасць уласнай Царквы ад Царквы часоў хрышчэння Русі. Члены камісіі спрабавалі дасягнуць кампраміснага пагаднення з 9 пунктаў, аднак праваслаўныя на гэта не пагадзіліся. Паколькі прыйшоў час завяршаць канвакацыйны Сойм, было прынята рашэнне абавязаць уніятаў скласці два спісы пра саступкі праваслаўным цяпер і ў будучыні.
27 верасня 1632 г. пачаўся выбарчы Сойм. На ім зноў была створана камісія па ўрэгуляванні ўніяцка-праваслаўнай спрэчкі на чале з каралевічам Уладзіславам. Камісія падрыхтавала "Пункты заспакаення народу рускага" (або "Артыкулы заспакаення грэцкай рэлігіі" , "Пункты прымірэння падданых Кароны і Вялікага княства Літоўскага рускай нацыі і грэцкай рэлігіі" ), якія былі зацверджаны пасля абрання новага караля Уладзіслава IV (1632-1648) 13 лістапада 1632 г. Гэтыя пункты зацвердзілі праваслаўную іерархію, у склад якой увайшлі мітрапаліт і чатыры біскупы: львоўскі, луцкі, пярэмышльскі і мсціслаўскі. Апошняя епархія была ўтворана праз падзел Полацкай епархіі на дзве часткі. Аднак не была вызнаная іерархія, высвячаная ў 1620 г. патрыярхам Феафанам, таму праваслаўным давялося выбіраць новых біскупаў. Новым праваслаўным мітрапалітам стаў архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры Пётр Магіла (1633-1647). Акрамя таго, пункты прадугледжвалі свабоду рэлігіі, зацвярджэнне права брацтваў валодаць сваімі цэрквамі і маёмасцю, перадачу ўсіх цэркваў Кіева разам з Сафійскім саборам праваслаўным. Да праваслаўных перайшоў і шэраг цэркваў і манастыроў, якія былі вызначаныя спецыяльнай камісіяй, у якую ўваходзілі два рыма-каталікі і два праваслаўных. Мітрапаліт Руцкі з уніяцкімі біскупамі выразілі пратэст супраць гэтых пунктаў, звяртаючысь да Апостальскай Сталіцы, але вынікаў гэта не прынесла. Рым выказаў незадавальненне пунктамі як "супраціўнымі Божым і чалавечым законам". Таму кароль даручыў багасловам даследаваць магчымасць рэалізацыі на практыцы дадзеных пунктаў, на што польскія багасловы далі станоўчы адказ. І 14 сакавіка 1633 г. Уладзіслаў IV канчаткова пацвердзіў прынятыя на Сойме пункты.
Да пэўнага пагаднення два бакі прыйшлі на Сойме 1635 г., калі і ўніяты, і праваслаўныя пагадзіліся з каралеўскім прывілеем, які фіксаваў падзел тэрыторыі і маёмасці. Дадзенае пагадненне было зафіксавана ў соймавай канстытуцыі пра грэцкую рэлігію, згодна з якой кароль павінен быў пацвердзіць заспакаенне праваслаўных асобным прывілеем, што ён і зрабіў. Аднак разам з пацверджаннем правоў праваслаўных у прывілеі ад 14 сакавіка 1635 г. былі пацверджаны і правы Уніяцкай Царквы5. Праваслаўе і ўніяцтва былі вызнаныя раўнапраўнымі веравызнаннямі ў Рэчы Паспалітай. Афіцыйна былі зацверджаны дзве ўсходнія Царквы ў адной дзяржаве. Уніяцкая мітраполія мела сем епархій: мітрапалічую Кіеўскую, Уладзімірскую, Пінскую, Холмскую, Полацкую, Смаленскую і Пярэмышльскую. Тры з іх мелі па два біскупы, таму падзел працягваў існаваць далей. На месцах працягваліся далейшыя маёмасныя спрэчкі ў судах і сойміках.
Прыняцце «Пунктаў заспакаення грэцкай рэлігіі» не прывяло да прымірэння ўніятаў і праваслаўных. Праваслаўныя жадалі атрымаць больш, чым ім далі, а ўніяты негатыўна ўспрынялі страту таго, што ад іх было забрана. Узаемная барацьба рабіла ўсё больш відавочнай бесперспектыўнасць супрацьстаяння. У такіх абставінах зноў знаходзіць спрыяльны грунт ідэя аб'яднання. Язэп Руцкі падтрымліваў асабістыя кантакты з праваслаўнымі на Валыні, сярод якіх быў і Луцкі біскуп Афанасій Пузына. Аднак смерць уніяцкага мітрапаліта ў 1637 г. не дазволіла яму пачаць працэс новага аб'яднання, хоць праведзеная праца не прайшла дарэмна.
У 1636 г. уласны праект уніі прапанаваў валынскі ваявода Адам Сангушка. Праект абмяркоўваўся ў Рыме, а 5 верасня 1636 г. кароль выдаў маніфест да праваслаўных, якім, пасля перамоваў з Папам Урбанам VIII, ён запэўніў, што пасля згоды на Сойме двух бакоў "будзе заснаваны для ўсіх усходніх хрысціян каралеўства асобны патрыярхат". Такі ж маніфест яшчэ 31 жніўня 1636 года быў накіраваны Язэпу Руцкаму. Да мітрапалітаў кароль пісаў: “Розніца паміж Руссю ўніяцкай і неўніяцкай прыносіць Рэчы Паспалітай нямала турботы, адымае час на соймах і, хоць у часе нашага шчаслівага выбару ўжо былі намечаныя спосабы прымірэння, усё ж на мінулым Сойме мы пераканаліся, як яшчэ шмат старанняў ад Рэчы Паспалітай патрэбна для рэалізацыі тых спосабаў і столькі ж працы будзе ў будучыні. [...] мы жадаем, каб [...] паміж вамі магло быць давершанае аб'яднанне і згода”.
Кароль і каталіцкі бок бачылі ў ролі будучага патрыярха Пятра Магілу, чым разлічвалі заручыцца яго падтрымкай. Гэты факт выкарыстаў папярэдні праваслаўны мітрапаліт Ісая Капынскі для дыскрэдытацыі свайго суперніка. Аднак адносіны Магілы да аб'яднання не змяніліся. 26 кастрычніка 1636 г. ён заклікаў праваслаўных прымірыцца з уніятамі і абраць пасламі на Сойм адданых праваслаўнай веры людзей. Аднак Сойм 1637 г., на якім павінны былі адбыцца перамовы паміж уніятамі і праваслаўнымі, быў сарваны з-за разыходжання паміж пасламі ў справе патрыярхату. Прычынай стаў негатыўны адказ з Рыму на ідэю заснавання патрыярхату. Кангрэгацыя распаўсюджвання веры патрабавала падпарадкавання праваслаўных Каталіцкай Царкве і не хацела пагаршаць адносіны з Канстантынопалем. "На працягу 1638 г. у Ватыкане неаднаразова ўздымалася пытанне "ўніверсальнай уніі" ў адказ на дамаганні караля атрымаць дазвол на сумесны сабор праваслаўных з уніятамі, але адказ быў негатыўны". Таму праект Сангушкі, падтрыманы Уладзіславам IV, не быў рэалізаваны.
На Сойме 1639 г. уніяты з праваслаўнымі чарговы раз зышліся ў барацьбе за валоданне асобнымі цэрквамі, у выніку чаго Сойм быў сарваны. А ў 1641 г. на Сойме быў утвораны "iudicium relacionum" - суд для вырашэння спрэчак уніятаў з неўніятамі.
За гэты час змяняецца два ўніяцкіх мітрапаліта. У 1637 г. ім стаў Рафаіл Корсак (1637-1640), які ў Рыме хадайнічаў аб утварэнні ўсходняга патрыярхата ў Рэчы Паспалітай, але памёр там жа, не дачакаўшыся станоўчага выніку. Яго пераемнікам стаў Полацкі архібіскуп Антоній Сялява (1640-1655).
Ва ўмовах працягу супрацьстаяння дзвюх усходніх цэркваў у 1643 г. холмскаму ўніяцкаму біскупу Мятодзію Цярлецкаму ўдалося атрымаць згоду Рыма на пачатак новай унійнай акцыі. Па прапанове біскупа, з Рыма былі адпраўленыя папскія брэвэ6 да 23 асобаў: караля, важных лацінскіх прэлатаў, дзяржаўных служачых Рэчы Паспалітай. У іх быў заклік да ўстанаўлення еднасці праваслаўных з Апостальскай Сталіцай, якая "мае бесперапынную пераемнасць першасвятароў і захоўвае праваслаўную веру і вучэнне, атрыманае ад вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла". У гэты час пагаршаюцца адносіны караля з Рымам праз абразлівыя выказванні нунцыя Філанардзі на адрас Уладзіслава IV за яго падтрымку праваслаўных. Аднак смерць Урбана VIII і абранне Папам Інакенція Х (1644-1655), які прызначыў новага нунцыя ў Рэчы Паспалітай, зноў палепшыла адносіны. У гэты час у Рым таксама быў накіраваны каралеўскі пасланнік у справе уніі а. Валяр'ян Маньё, які прывёз з сабой "Modus concordiae generalis a parte desinutorum conceptus", які змяшчаў умовы праваслаўных, падтрыманыя каралём. Сярод іншага, кароль меў задум склікаць унійны Сабор, што і было рэалізавана ў Торуне ў 1645 г. Але з-за адсутнасці згоды Рыма і без удзелу праваслаўных ён не прынёс ніякага выніку. Смерць Пятра Магілы ў 1647 г. і пачатак казацкай вайны ў 1648 г. паклалі пачатак новаму этапу ў гісторыі Уніяцкай Царквы ў Рэчы Паспалітай.
Такім чынам, на працягу XVI ст. праваслаўныя Кіеўскай мітраполіі фактычна знаходзіліся ў няроўным становішчы ў дзяржаве і грамадстве адносна палітычных і грамадзянскіх правоў і свабод у параўнанні з каталікамі, хаця фармальна з боку дзяржаў (ВКЛ, Каралеўства Польскае, пазней Рэч Паспалітая) прымаліся заканадаўчыя акты, якія ўраўноўвалі правы праваслаўных з каталікамі. Сама мітраполія ўсё стагоддзе знаходзілася ў стане духоўнага і арганізацыйнага заняпаду. Актывізацыя руху свецкіх і рэформы праезджых патрыярхаў Якіма і Ераміі падштурхнулі мясцовых біскупаў заняцца справай абнаўлення Царквы і ўмацавання грамадскіх пазіцый праваслаўных. Дасягненне сваіх мэтаў яны пабачылі ў уніі з Рымскай Царквой. Вынікам аб'яднання стала ўтварэнне Уніяцкай Царквы і заканадаўчае замацаванне фармальнай роўнасці ў дзяржаве «з'яднаных» праваслаўных з рыма-каталікамі. Адрозненнем ад акту 1563 г. тут стала зацвярджэнне правоў і паўнамоцтваў духавенства, у той час як ранейшыя акты тычыліся пераважна шляхты.
Заключаная царкоўная унія сустрэла шырокі супраціў з боку праваслаўнага насельніцтва, якое дамагалася ад дзяржаўнай улады яе адмены. Першыя дзесяцігоддзі прайшлі пад знакам барацьбы з фактычнымі аднаверцамі за дзяржаўнае вызнанне. Дзеля зацвярджэння Уніяцкай Царквы "выкарыстоўваліся як сілавыя, супрацьзаконныя метады і сродкі, так і прававыя, звяртаючыся ў суды і ўрадавыя інстанцыі". Пазіцыя дзяржаўных органаў была неадназначнай. Калі кароль Жыгімонт III пастаянна застаецца на баку Уніяцкай Царквы, то Сойм часта прымае рашэнні і пастановы на карысць праваслаўных. Неабходна адзначыць важную ролю караля ў захаванні уніі. Разам з тым не адбываецца галоўнага - зраўнання ўніятаў у правах з рыма-каталікамі, прадугледжанага ўмовамі Берасцейскай уніі. У першую чаргу гэта тычыцца месцаў у Сенаце. Аднак за гэты час адбыўся культурна-арганізацыйны ўздым Царквы дзякуючы рэформам асветы і манастыроў.
Новы кароль Уладзіслаў IV да сваёй смерці займаў актыўную пазіцыю ў справе аб'яднання дзвюх усходніх цэркваў, якія існавалі ў яго дзяржаве, што павінна было палепшыць унутрыдзяржаўны мір і ўзняць статус з'яднанай з Рымам Царквы. Аднак, як і раней, няроўнасць Уніяцкай і Рыма-Каталіцкай цэркваў заставалася без увагі. Мітрапаліт Сялява неаднаразова скардзіўся каралю і Папу на дыскрымінацыю ўніятаў з боку лацінскага духавенства. Калі Рым актыўна рэагаваў на факты парушэння правоў уніятаў, асуджаў і адмяняў дыскрымінацыйныя пастановы, то дзяржаўная ўлада займала пасіўную пазіцыю і не рабіла рэальных крокаў для забеспячэння гарантаванай роўнасці.
Такім чынам, амаль за трыццаць гадоў становішча Уніяцкай Царквы пагоршылася. Незаконнае высвячэнне праваслаўнай іерархіі патрыярхам Феафанам у выніку прывяло да існавання дзвюх усходніх цэркваў у Рэчы Паспалітай, якія пастаянна змагаліся паміж сабой за права пераемнасці Кіеўскай мітраполіі і ўсіх яе правоў і прывілеяў. Рэальнае бачанне сітуацыі, а менавіта няздольнасць уніятаў эфектыўна рэалізаваць план аб'яднання, стала прычынай страты ўніятамі дзяржаўнай падтрымкі і значных саступак праваслаўным.
Наступныя спробы аднавіць еднасць усходняй Царквы, якія праводзіліся пад эгідай каралеўскай улады, не прынеслі выніку, нягледзячы на наяўнасць моцных праваслаўных прыхільнікаў. Прычынамі гэтага былі спачатку апазіцыя казакоў і свецкіх, што ў першую чаргу характэрна для 1620-х г., а пазней цвёрдая пазіцыя Рыма і смерць галоўных праваднікоў ідэі аб'яднання - мітрапалітаў Руцкага, Магілы і караля Уладзіслава IV.
а. Зміцер Чарнель, CSsR
-----------------------
1 Пазіцыя караля і ўрада ў гэтым супрацьстаянні была на баку ўніяцкага ўладыкі, толькі канцлер ВКЛ Леў Сапега ў прыватнай перапісцы з Язафатам Кунцэвічам выступаў за больш талерантнае стаўленне да праваслаўных. Гл. Эпісталяцыя Сьвятога Язафата: Збор дакумэнтаў. Полацк 2006, с. 44-87.
2 Сам М. Сматрыцкі адразу ад'язджае на Усход. Вяртаецца ў 1626 г., пераходзіць на бок уніі і намагаецца перавесці таксама праваслаўную іерархію на ўнійны бок.
3 Так называўся Сойм для абрання караля. Звычайна яму папярэднічаў канвакацыйны Сойм. Пасля элекцыйнага склікаўся асаблівы каранацыйны Сойм. Для элекцыйных соймаў не існавала ніякіх агульных законаў, для таго, каб выбар караля мог быць цалкам свабодным. У гэтых сходах удзельнічалі не толькі земскія паслы, гэта значыць прадстаўнікі шляхты на звычайных соймах, але і ўся шляхта пагалоўна, колькі б яе не з'явілася. Гэта было так, нібы у адно месца пераносіліся ўсе мясцовыя соймікі, у якіх удзельнічала ўся шляхта. Выбар караля адбываўся пагалоўна (viritim); акрамя шляхты прысутнічалі дэлегаты ад некаторых гарадоў. Месца, дзе збіраўся Сойм, было акружана ровам і валам, там маглі быць толькі земскія паслы і сенатары, прычым для апошніх будавалася так званая шопа; рэшта шляхты размяшчалася навокал. Для агульнага правядзення справы абіраўся маршалак, які прысягаў, што не падпіша выбарчы дыплом, калі выбар не будзе зроблены са згоды ўсіх і кожнага ў прыватнасці. Кожнаму абранню папярэднічала распрацоўка дагаворных умоў (pacta conventa), толькі на падставе якіх абранаму каралю і магла быць перададзеная ўлада. Затым замежныя паслы прапанавалі сваіх кандыдатаў (або ўпаўнаважаныя - польскіх кандыдатаў) і выступалі з прамовамі ў падтрымку асобных кандыдатур. Выбары не былі падпарадкаваныя ніякаму агульнаму парадку і павінны былі быць адзінадушнымі. З дзесяці вольных выбараў, якія былі ў Рэчы Паспалітай, у чатырох выпадках было разыходжанне, але звычайна справа ўрэгулёўвалася тым, што меншасць, у рэшце рэшт, падпарадкоўвалася большасці.
4 Сын Жыгімонта III Вазы, караля польскага (1587-1632) і вялікага князя літоўскага (1588-1632), і Ганны Габсбургскай (1573-1598).
5 «У прывілеі, выдадзенаму ўніятам, заяўляецца, што саступкі праваслаўным зробленыя "не з мэтай пацверджання правоў схізмы, але дзеля грамадскага дабра": да тых, хто знаходзіцца ў уніі з Рымскай Царквой, кароль ставіцца прыхільна і пакідае за імі на вечныя часы мітраполію і маёмасць, якая ёй належыць; уніятам надаюцца Полацкая архіепархія і епархіі: Уладзімірская, Пінская, Холмская і Смаленская з усімі манастырамі, храмамі і маёмасцю; віленскі манастыр Св. Тройцы з брацтвам, царква св. Пятніцы і, акрамя таго, яшчэ іншыя (Гарадзенскі, Жыдычынскі, Магілёўскі, Мінскі, Наваградскі, Ануфрыеўскі, Мсціслаўскі, Птышынскі, Браслаўскі) манастыры, якімі ў той час валодалі ўніяты; у Віцебску, Полацку і Наваградку неўніяты ніколі не павінны мець ніводнай царквы. Уніяцкі прывілей заканчваецца ўрачыстым абяцаннем караля за сябе і за яго пераемнікаў надаваць згаданыя катэдры і манастыры толькі манахам-базыльянам, якія будуць рэкамендаваныя на іх уніяцкімі мітрапалітамі». / В. А. Беднов. Православная Церковь в Польше и Литве (по Volumina Legum). Минск 2002, с. 228.
6 Афіцыйнае пасланне Папы Рымскага, можа ўтрымліваць дэкрэты, распараджэнні, дараванне ганаровых правоў і прывілеяў і г. д., звернутае як да асобных людзей, так і да асобных Цэркваў.
Каментары: