Дзяржаўная палітыка адносна ўніятаў пасля 1596 г.

- . Апублікавана ў Гісторыя Царквы

Заключэнне Берасцейскай уніі прывяло да падзелу Праваслаўнай Царквы Рэчы Паспалітай на два лагеры. 16 (6) кастрычніка 1596 г. па ўказе караля і мітрапаліта ў Берасці сабраўся сабор, які павінен быў абвесціць унію, удзел у якім прымалі мітрапаліт, пяць з сямі біскупаў, прадстаўнікі праваслаўнага і каталіцкага духавенства, паслы Папы і дзяржаўныя ўраднікі. Паралельна з ім у Берасці адкрыўся іншы сабор, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ад праваслаўнага духавенства і шляхты, якія сталі ў апазіцыю да уніі, у тым ліку львоўскі і пярэмышльскі біскупы Балабан і Капысценскі, а таксама пратэстанты і два патрыяршыя экзархі з Канстантынопаля і Александрыі. Альтэрнатыўны сабор пазбавіў сану ўніяцкіх біскупаў і звярнуўся да караля з просьбай прызначыць на іх месца новых. Аднак кароль адназначна стаў на бок уніятаў. Такі стан спраў справакаваў барацьбу за юрыдычны статус абедзвюх частак Кіеўскай мітраполіі ў дзяржаве.

Ужо ў снежні 1596 г. на сойміках праваслаўныя пачынаюць дамагацца ліквідацыі уніі. Свае патрабаванні паслы абгрунтоўвалі прывілеямі пра правы і свабоды праваслаўных, прадстаўленымі Жыгімонтам III. Аднак іншая частка соймікаў падтрымлівае ўніятаў. На першым пасля уніі Сойме, які адбыўся ў Варшаве ў 1597 г., праваслаўныя паспяхова спрабавалі атрымаць падтрымку пратэстанцкіх дэлегатаў, хаця "ў цэлым вынікі былі неспрыяльнымі для іх справы". Акрамя прававой барацьбы, распачынаюцца таксама публіцыстычна-палемічныя дыскусіі і здзяйсняюцца незаконныя дзеянні, пагромы і захопы маёмасці. Асаблівасцю супрацьстаяння стала падтрымка праваслаўных пратэстантамі, відавочным сведчаннем чаго стала Віленская канфедэрацыя 1599 г. Акрамя гэтага, у дзяржаве склалася двухзначная прававая сітуацыя: дзяржаўная падтрымка рашэнняў уніяцкага сабора з фактычнай забаронай «неўніяцкай» Царквы пры дзеянні Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г. і Статуту ВКЛ 1588 г., якія гарантавалі прынцып рэлігійная свабоды і абарону ад пераследу. Такімі ж былі і рашэнні караля, які хоць і стаў на бок уніятаў, усё ж быў вымушаны зрабіць некаторыя паступкі і праваслаўным. Так, 22 сакавіка 1598 г. ён выдаў універсал, якім пакідаў біскупаў, што не далучыліся да уніі, на іх катэдрах. Але праз год перадаў Кіева-Пячэрскую лаўру ў кіраванне ўніяцкаму мітрапаліту Міхаілу Рагозі. Уніяты таксама атрымалі прывілеі ў дзяржаўнай канцылярыі на валоданне маёмасцю Віленскага і Берасцейскага праваслаўных брацтваў, што суправаджалася "мукамі, отбираніем добр, недопущенім робити ремесла, уживанія торгованья и вшелякого гандлю".

Увогуле дзяржаўная падтрымка уніі была спробай дзяржавы дасягнуць большай рэлігійнай аднароднасці ў грамадстве, якая не прынесла чаканага і жаданага выніку. Само яе ўвядзенне пачалося з рэпрэсій: пазбаўлення праваслаўных права займаць пасады ў магістратах, абмежавання эканамічнай дзейнасці, прымусовага перавядзення прыгонных сялян на унію. Тым не менш, у першыя гады існавання Уніяцкай Царквы, "нягледзячы на падтрымку каралеўскай улады, уніяцкая іерархія так і не змагла забяспечыць сабе статус, на які спадзявалася перад Берасцейскім саборам. [...] поспехі самой уніі на месцах былі даволі сціплымі". Хоць дзяржава фармальна і не прызнавала праваслаўную іерархію, на практыцы яна талеравала яе.

Пасля абвяшчэння Берасцейскай уніі Уніяцкая Царква - як яе пачалі называць у адрозненне ад праваслаўных, якія не прынялі унію - была афіцыйна прызнана дзяржавай на прававым узроўні як адзіны суб'ект, да якога адносілася дзяржаўнае заканадаўства адносна ўсходняй Царквы ў Рэчы Паспалітай. Гэта стала прычынай таго, што на сойміках пачынаецца барацьба праваслаўных за сваё права на тыя свабоды і прывілеі, а таксама за прызнанне незаконнасці уніі і яе ліквідацыю. Іх саюзнікамі ў гэтым супрацьстаянні сталі пратэстанты, з якімі 18 мая 1599 г. у Вільні быў заключаны акт канфедэрацыі пра ўзаемную абарону інтарэсаў на соймах. Уніятам у такіх умовах давялося шукаць абароны ў дзяржавы.

Першай гучнай справай стаў соймавы суд над біскупамі Пацеем (пасля смерці мітрапаліта Міхайла Рагозы летам 1599 г. Іпацій Пацей быў прызначаны каралём Кіеўскім мітрапалітам (1599-1613) і Цярлецкім, якога дамагаліся праваслаўныя ў адказ на асуджэнне патрыяршага экзарха Нікіфара (канстанцінопальскі патрыяршы экзарх Нікіфар уладамі Рэчы Паспалітай быў абвешчаны турэцкім і маскоўскім шпіёнам, і па прысуду сенацкага суда быў заключаны ў Марыенбургскай крэпасці, дзе і памёр). Пасля няўдалай спробы адмяніць рашэнне Берасцейскага сабору, зробленай на Сойме 1597 г., яны дамагаюцца ад караля прыцягнуць вышэйзгаданых біскупаў да суда ў 1598 г. Але з-за назапашвання важных спраў суд быў перанесены на 1600 год.

Уніяцкія ўладыкі заявілі, што суд не кампетэнтны разглядаць духоўныя справы, але ўсё ж прыйшлі на яго, каб даказаць сваю правату. У сваёй прамове Іпацій Пацей адзначыў, што пасля Фларэнційскай уніі кароль Уладзіслаў III надаў з'яднанай Царкве "шырокія вольнасці і правы, якія яго наступнікі, гэта значыць кароль Аляксандр і Жыгімонт І, пацвердзілі". Гэтым самым ён падкрэсліў, што прывілеі, на якія спасылаюцца праваслаўныя, на самай справе адносяцца да з'яднанай Царквы, а паколькі пасля Фларэнційскай уніі гэтая еднасць была занядбаная, таму біскупы разам з мітрапалітам не ўвялі Берасцейскай уніяй нічога новага, а толькі вярнуліся да даўняга стану.

Праваслаўны бок не змог даказаць сваіх абвінавачванняў, і кароль на падставе рашэння соймавага суду 16 сакавіка 1600 г. абвесціў абодвух біскупаў невінаватымі і вызнаў іх біскупства і права на бенефіцыі (пасады і звязаныя з пэўным санам ці званнем даходы). Сучаснікі інтэрпрэтавалі гэта як "першую і вельмі важную перамогу уніі над праваслаўем".

На Сойме 1601 г. праваслаўна-пратэстанцкая кааліцыя дабілася прыняцця праекта канстытуцыі, якая адстойвала правы праваслаўнай супольнасці і прынцып рэлігійнай талерантнасці. Але кароль адхіліў яго, настойваючы на тым, што "ўсе юрыдычныя гарантыі і прывілеі, прадастаўленыя раней "грэцкай рэлігіі", належаць Уніяцкай Царкве".

Спроба зруйнаваць унію на Сойме 1603 г. таксама была няўдалай, хаця кароль і пайшоў на некаторыя саступкі праваслаўным: быў дазволены свабодны выбар архімандрыта Кіева-Пячэрскай лаўры, што выводзіла яго з-пад юрысдыкцыі ўніяцкага мітрапаліта, і знятая банацыя з біскупа Гедэона Балабана. Але прававы статус застаўся нязменным. У гэтым жа годзе да уніі далучыліся 54 шляхецкія роды, якія звярнуліся да караля і сенатараў з заклікам абараняць з'яднаную Царкву.

На наступным Сойме 1605 г. па ініцыятыве праваслаўнай шляхты на разгляд быў вынесены праект канстытуцыі, у якім ад караля вымагалася надаваць царкоўныя пасады і маёмасць толькі людзям "сапраўднай грэцкай веры", прыпыніць усе судовыя працэсы і высылкі, а таксама забараніць прымусовае падпарадкаванне духоўных асобаў іншай духоўнай уладзе. Аднак усе гэтыя патрабаванні кароль адхіліў. Адзіным дасягненнем праваслаўных стала зацвярджэнне Елісея Плецянецкага, стаўленіка князя Канстанціна Астрожскага, архімандрытам Кіева-Пячэрскай лаўры. За ўніяцкім мітрапалітам у той жа час прызнавалася права і прывілеі юрысдыкцыі над усімі вернікамі ўсходняга абраду ў Рэчы Паспалітай, прадастаўленыя Кіеўскаму мітрапаліту яшчэ Жыгімонтам I у 1511 г.

Такім чынам, да 1605 г. юрыдычна ў дзяржаве існавала толькі адна ўсходняя Царква - Уніяцкая. На працягу амаль дзесяці гадоў яна неаднаразова атрымлівала пацверджанне свайго статусу з боку дзяржаўнай улады.

Сітуацыя пачала змяняцца з 1606 г., калі пасля сарванага Сойму незадаволенасць польскай шляхты каралём выліваецца ў паўстанне1, да якога далучаюцца праваслаўныя з надзеяй дамагчыся ліквідацыі уніі. 6 жніўня 1606 г. пад Сандомежам (сёння цэнтр павета ў Свентакшыскім ваяводстве ў Польшчы) збіраецца трэці рокашавы з'езд, на якім складаюцца артыкулы з патрабаваннямі да караля. Былі выстаўлены патрабаванні ліквідацыі Берасцейскай уніі, зняцця біскупаў, якія прынялі унію, і іншыя, якія кароль зноў адхіліў на падставе таго, што іх можа вырашаць толькі Сойм. Але ва ўмовах пагрозы рокашу Зебжыдоўскага Жыгімонт III быў вымушаны пайсці на кампраміс з праваслаўнымі, каб забяспечыць іх лаяльнасць. З яго падачы на Сойме 1607 г. было вызнана існаванне ў дзяржаве грэцкай рэлігіі, права прыналежных да яе мець царкоўную маёмасць і зацверджаныя статуты праваслаўных брацтваў. Аднак невыразныя фармуліроўкі рабілі спрэчным тое, каго трэба было разумець пад асобамі «даўняй грэцкай рэлігіі». Абодва бакі трактавалі гэты выраз на сваю карысць, і непаразуменні працягваліся.

13 лютага 1608 г. памірае галоўны правадыр праваслаўных Рэчы Паспалітай князь Канстанцін Астрожскі, пасля чаго барацьбу праваслаўных ўзначальвае Віленскае Святадухаўскае брацтва. На Сойме 1609 г. на аснове сваіх дасягненняў 1607 г., ва ўмовах пагрозы вайны з Масковіяй, праваслаўныя патрабуюць не перадаваць царкоўныя пасады і ўладанні каталікам і ўніятам, а прынятая соймавая канстытуцыя абавязвае ўніятаў прызнаваць духоўныя пасады праваслаўных. Кароль для забеспячэння міру ў дзяржаве ўтварае сенатарскую камісію, якая павінна была займацца разглядам канфліктных пытанняў. Але з-за занятасці вайсковымі справамі Сойм адклаў разгляд прэтэнзій праваслаўных, пакінуўшы часова «status quo», а канкрэтныя справы дэлегаваў мясцовым трыбуналам, у якіх часта большасць мелі праваслаўныя і пратэстанты.

У наступныя гады праваслаўныя імкнуліся зацвердзіць сваю іерархію, вярнуць маёмасць, якая перайшла да ўніятаў, і пакінуць іх пад юрысдыкцыяй Канстантынопальскага патрыярха, што, адпаведна, магло паставіць пад пытанне мэтазгоднасць існавання Уніяцкай Царквы. Ставілася таксама патрабаванне спыніць пераслед з боку ўніятаў. Гэтыя пытанні ўзнімаліся на соймах 1610, 1611, 1613, 1615, 1616 і 1618 гадоў, але не былі задаволеныя.

Між тым, у 1613 г. новым уніяцкім мітрапалітам становіцца Язэп Руцкі (1613-1637), які атрымаў ад караля дазвол на заснаванне царкоўных школаў, што, адпаведна, легалізавала ўніяцкую адукацыю і павысіла статус Уніяцкай Царквы ў грамадстве. Праз два гады Папа Рымскі Павел V (1605-1621) надаў уніяцкім школам такія ж прывілеі, якія мелі езуіцкія школы. Новы мітрапаліт таксама імкнецца дасягнуць выканання ўмовы Берасцейскай уніі аб прадастаўленні месцаў у Сенаце ўніяцкім біскупам. У сваім лісце да Сойму ў 1615 г. Руцкі прасіў надаць яму месца, як было абяцана згодна ўмоваў уніі, што "духавенства рэлігіі грэцкай павагай і месцам у сенаце з духавенствам касцёлу рымскага павінна быць зраўнанае". Але станоўчага адказу ён не атрымлівае. У 1617 г. мітрапаліт праводзіць рэформу манастыроў2. Аднак далейшая юрыдычная барацьба з праваслаўнымі стала перашкодай для развіцця Царквы.

У 1620 г. адбываецца таемнае высвячэнне3 Ерусалімскім патрыярхам Феафанам (1608-1644) праваслаўнай іерархіі: шасці біскупаў на існуючыя ўніяцкія катэдры і мітрапаліта Ёва Барэцкага (1620-1631). Уніяты выказалі пратэст дзяржаўнай уладзе, на што мелі таксама юрыдычныя падставы згодна ўмоў Берасцейскай уніі. Адказам стаў каралеўскі ўніверсал Жыгімонта III, які прадугледжваў арышт і суд над Мялеціем Сматрыцкім (1577-1633), высвечаным на Полацкага біскупа, і Ёвам Барэцкім. Але складаная сітуацыя, перад якой апынулася Рэч Паспалітая4, і пазіцыя гетмана Сагайдачнага прымусілі караля абмежавацца толькі асуджэннем незаконнага высвячэння іерархіі. Праваслаўныя ж скарысталіся фактам высвячэння для новага наступу ў Сойме з патрабаваннямі зняцця ўніяцкіх біскупаў і прызнання праваслаўных. З гэтага часу хутка расце колькасць праціўнікаў уніі сярод прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, якія схіляюцца да думкі, што «унія нанесла Царкве і дзяржаве больш шкоды, чым карысці», і Сойм 1623 г. адмяняе антыправаслаўныя ўказы. Толькі рашучая пазіцыя Жыгімонта III перашкодзіла ліквідацыі Уніяцкай Царквы. Для вырашэння канфлікту ў Сойме была створана спецыяльная камісія, але мітрапаліт Ё. Барэцкі і арцыбіскуп М. Сматрыцкі адмовіліся ад супрацоўніцтва, лічачы, што "для рэлігійных дыспутаў няма ніякіх падстаў". Праблемная сітуацыя працягвалася далей.

а. Зміцер Чарнель, CSsR

---------------------

Рокаш Зебжыдоўскага (канфедэрацыя супраць караля) у 1606-1609 гадах, які пачаўся ў выніку канфлікту паміж каралём Жыгімонтам III і шляхтай у пытаннях знешняй палітыкі Рэчы Паспалітай (вайны са Швецыяй) і пытаннях унутранай палітыкі. Палітыка Жыгімонта III была накіравана на ўмацаванне каралеўскай улады, што абапіралася на вузкую групу магнатаў і біскупаў. Караля абвінавацілі ў сувязях з езуітамі і іншаземцамі, а таксама ў імкненні да абсалютнай улады. Рокаш Зебжыдоўскага доўжыўся з 1606 да 1609 г. Паўстанне завершылася перамогай караля.

Манастыры былі арганізаваны па прыкладзе заходніх ордэнаў: абранне аднаго вышэйшага настаяцеля для ўсіх і адзінае паслушэнства. Былі заснаваны філасофскія і тэалагічныя курсы для манахаў. Адкрытая магчымасць вучыцца за мяжой. Гл. С. Сеник. Українська Церква в XVII ст. // Ковчег І (1993), с. 28-29.

Візіт патрыярха Феафана адбыўся з нагоды высвячэння новага галавы Царквы ў Маскоўскай дзяржаве Філарэта (1619-1633). Ён атрымаў ад Канстантынопальскага патрыярха Цімафея (1612-1621) паўнамоцтвы высвячаць біскупаў у краінах, праз якія ён будзе ехаць у Маскву. 24 чэрвеня 1619 г. ён рукапалажыў Філарэта на патрыярха, а ў лютым 1620 г. у Маскву прыбыло казацкае пасольства, якое заручылася падтрымкай новага іерарха ў справе аднаўлення праваслаўнай іерархіі ў Рэчы Паспалітай. 22 сакавіка 1620 г. патрыярх Феафан прыбыў у Кіеў. Негатыўна да яго паставіўся каронны гетман Станіслаў Жалкоўскі, які хацеў арыштаваць патрыярха, але не зрабіў гэтага, баючыся казацкіх хваляванняў. У гэты час патрыярх звяртаецца да праваслаўных з заклікам абараняць веру, а пасля заклікае абраць біскупаў. У жніўні ў Кіева-Пячэрскай лаўры праходзяць выбары, але Феафан не здзяйсняе свячанняў з-за страху перад рэакцыяй караля. Аднак пасля паразы польскага войска ў паходзе на Малдову ў бітве пад Цацорай 20 верасня 1620 г. і смерці Жалкоўскага Феафан вызваляецца ад нагляду каралеўскіх чыноўнікаў і 19 кастрычніка звяршае хіратонію.

У 1620 г. пачалася вайна з Турцыяй. Кароль не мог ігнараваць пазіцыю казакоў, якія падтрымлівалі высвячаную праваслаўную іерархію і надалі біскупам гарантыі бяспекі, бо гэта прывяло б да страты часткі ваеннай сілы дзяржавы праз адмову казакоў удзельнічаць у баявых дзеяннях на баку Рэчы Паспалітай.

Каментары: