Святы Кірыла Тураўскі

- . Апублікавана ў Святыя

Другім вялікім цэнтрам хрысціянства на беларускіх землях быў Тураў, які да канца Х стагоддзя быў цэнтрам племяннога саюза дрыгавічоў. У канцы Х стагоддзя горад уваходзіць у склад дзяржавы Уладзіміра Вялікага. У Тураве быў адзін з першых біскупскіх пасадаў на Беларусі. У крыніцах узгадваецца, што першым тураўскім біскупам з 1005 году быў Тамаш.

Доўгі час Тураў знаходзіўся ў залежнасці ад Кіева. Аднак у 1157 годзе князь Юры Яраслававіч, унук Святаполка ІІ, захапіў горад і абвясціў яго незалежным. Горад у гэты час быў значным культурным цэнтрам: там быў біскупскі пасад і некалькі манастыроў. Менавіта тут каля 1130 года і нарадзіўся гонар і слава беларускай зямлі, найбуйнейшы майстар слова, выдатны асветнік, філосаф і прамоўца, біскуп Тураўскай епархіі, адзін з высокаадукаванейшых людзей свайго часу святы Кірыла Тураўскі. Нарадзіўся будучы асветнік у заможнай сям’і. Свецкае імя яго не захавалася, у гісторыю ён увайшоў пад імем Кірыла, якое прыняў пры пострыгу. Бaцькaм Кipылы быў мяcцoвы бaяpын, блiзкi дa княжaгa двapa, дзe юнaк i aтpымaў выдaтнyю aдyкaцыю aд гpэцкix cвятapoў i кнiжнiкaў, якiя пpыexaлi ў Typaў з Biзaнтыi paзaм з жoнкaй князя.

Яшчэ ў маладым узросце Кірыла вырашыў прысвяціць сваё жыццё Богу і паступіў у манастыр св. Міколы. Там вёў суровае аскетычнае жыццё, поўнае малітвы і посту. Сваім ладам жыцця, пабожнасцю і, несумненна, вучонасцю, ён звярнуў на сябе ўвагу. Да Кірылы пачалі прыходзіць, каб паслухаць парады ці навукі, і ён не адмаўляўся дапамагчы іншым. У сваіх павучаннях Кірыла асабліва падкрэсліваў неабходнасць унутраных дабрадзейнасцяў пакоры і паслухмянасці, а не знешняга аскетызму. Каля 1144 г. Кірыла становіцца настаяцелем манастыра.

Аднак асабістыя схільнасці цягнулі святога да большай самоты. Пражыўшы некаторы час у манастыры, Кірыла пачаў новы подзвіг – стоўпніцтва. У 1148 г. ён зачыніўся ў манастырскай вежы, куды перанёс і сваю бібліятэку, каб поўнасцю аддацца роздуму, малітвам і літаратурнай творчасці, стаўшы, такім чынам, першым вядомым на Русі стоўпнікам. Жыццяпісец гаворыць, што ён “увайшоў на стоўп і там зачыніўся”. Стоўпніцтва – гэта форма аскетычнага жыцця, распаўсюджаная на хрысціянскім усходзе V стагоддзя. Манахі, якія прагнулі самоты, будавалі сабе келлі на платформе, якая ўзвышалася над зямлёю на слупах (адсюль іх назва – стоўпнікі). Кліматычныя ўмовы Беларусі не дазвалялі праводзіць класічнае стоўпніцкае жыццё, таму Кірыла проста зачыніўся ў стоўпападобнай вежы. Перыяд стоўпніцтва быў для Кірылы часам інтэнсіўнай духоўнай і інтэлектуальнай дзейнасці. Па словах жыццяпісца, святы “яшчэ больш стамляў сябе пастом і малітвамі, і паясняў шматлікія святыя пісанні”. Вельмі верагодна, што ў гэты час ён напісаў свае малітвы і каноны, а таксама творы пра духоўнае жыццё.

Кірыла быў настолькі вядомы, што, калі памёр Тураўскі біскуп Юры, князь і народ прасілі мітрапаліта прызначыць Кірылу на гэты пасад. Прыкладна каля 1161 г. Кіеўскі мітрапаліт узвёў Кірылу Тураўскага ў сан біскупа горада Турава, які ён насіў больш за 13 гадоў. Гэта быў першы за сто гадоў выпадак, калі біскупам быў прызначаны мясцовы святар, а не прадстаўнік Кіева-Пячэрскай лаўры.

Час біскупства стаў для яго часам напружанай душпастырскай і пісьменніцкай дзейнасці. Жыццяпісец піша, што Кірыла “працаваў шмат для Валадарства Божага”, напісаў “навукі на тэмы Евангелля і прарокаў, казанні на Гасподнія святы і шмат іншых твораў, карысных для душы; а таксама малітвы і пахвалы многім святым”. Заўсёды дбайны пра дабро іншых людзей, Кірыла, “напісаўшы ўсе гэтыя творы, перадаў іх Царкве, якая захавала іх да сённяшняга дня для суцяшэння і навучання верных усёй Русі”.

Святы прымаў удзел у справах, якія датычылі ўсёй Кіеўскай мітраполіі. У 60-ыя гады ХІІ стагоддзя паўстаў раскол з-за нейкага Тодара, або Тодарца, які адмаўляў вартасць манаства і ўвогуле бязжэннасці, адмяняў пост у серады і пятніцы, калі на гэтыя дні прыпадалі святы Гасподнія, а таксама на жаданне князя Андрэя Багалюбскага ўстанавіў свята Спаса і Багародзіцы 1 жніўня ў якасці галоўнага свята для сваёй епархіі. Непасрэдна ад Канстантынопальскага патрыярха, мінуючы кіеўскага мітрапаліта, Тодар подступам атрымаў прызначэнне на Растоўскі пасад (можа нават з санам архібіскупа). Кіеўскі мітрапаліт адлучыў Тодара ад Царквы і забараніў усялякія зносіны з ім. У адказ той пачаў ганенні на сваіх супраціўнікаў і адначасова прапаведаваў ерась.

Тодара падтрымліваў князь Андрэй Багалюбскі, які імкнуўся да стварэння ў сваёй дзяржаве незалежнай царкоўнай правінцыі. Але праз пэўны час князь змяніў палітыку – пачаў шукаць прымірэння з мітрапалітам, арыштаваў Тодара і паслаў яго ў Кіеў на мітрапалічы суд, дзе Тодар быў асуджаны і пакараны лютай смерцю ў траўні 1169 года.

У справе Тодарца Кірыла Тураўскі перш за ўсё бараніў біскупскую годнасць. У “Сказе пра душу і цела, альбо пра кульгавага і сляпога” ён выступае супраць тых, хто недастойна прагне біскупства. Таксама вядома, што Кірыла вёў перапіску з князем Андрэем Багалюбскім, якая, нажаль, не знойдзеная. Магчыма, у сваіх лістах святы дакараў князя за ягоныя нягодныя ўчынкі і за разбурэнне царкоўнай еднасці.

Памёр Кірыла Тураўскі ў апошняе дзесяцігоддзе ХІІ ст. у чыне вялікай схімы ў Тураўскім Барысаглебскім манастыры. З летапісу вядома, што на пастаўленні новага ігумена Кіева-Пячэрскай лаўры Васіля ў 1182 годзе быў прысутны Тураўскі біскуп Лаўрэн. Гэта значыць, што ў гэтым годзе святога ўжо не было ў жывых, або, як думаюць некаторыя даследчыкі, ён адрокся ад біскупства і вярнуўся ў манастыр.

Ужо ў рукапісным «Саборніку» XIII стагоддзя ён называецца «святым манахам». Магчыма, яшчэ ў XII стагоддзі ў Тураве невядомы аўтар напісаў Жыццё свяціцеля, а таксама склаў царкоўную службу. Дакладна невядома, калі адбылася афіцыйная кананізацыя святога, але ўшанаванне яго хутка распаўсюдзілася па ўсходнеславянскіх землях.

Кірыла Тураўскі праславіўся як прапаведнік, выдатны майстар урачыстага царкоўнага красамоўства, які горача клапаціўся пра духоўную дасканаласць суайчыннікаў. З творчай спадчыны Кірылы Тураўскага зберагліся 3 выразна белетрызаваныя эпічныя тэксты: “Слова на сабор 318 святых айцоў”, “Слова ў памяць усіх святых”, “Канон і сціхіры на адыход прыпадобнай княгіні Вольгі, бабулі Уладзіміра”, 8 "слоў"-пропаведзяў, некалькі дыдактычных аповесцей-прытчаў, 2 каноны, каля 30 малітваў-споведзяў.

Пра сябе ён сціпла пісаў: «Я не жнец, а збіраю каласы; я не мастак у кніжных справах». І разам з тым ён заўжды ўсведамляў вышыню біскупскага служэння, на якое яго паставіў Госпад. Да сваёй паствы ён звяртаўся з такімі словамі: «Калі б я казаў ад сябе, то вы рабілі б добра, не прыходзячы ў храм. Але я спавяшчаю вам Слова Госпада, чытаю вам грамату Хрыстову… Я раздаю словы Божыя, даражэйшыя за золата і каштоўныя камяні, саладзейшыя за мёд і соты, а вы губляеце іх, не прыходзячы ў царкву… але тых, хто прыходзіць, я хвалю і бласлаўляю».

Аскетычныя творы св. Кірылы сведчаць аб глыбокай духоўнасці аўтара. Сёння шмат каму яны могуць здацца занадта суровымі. Можа скласціся ўражанне, што пачуццё страху Божага ў Кірылы пераважае над любоўю. У гэтым ён быў верны традыцыям візантыйскай духоўнасці. Кірыла асабліва блізкі да святога Тэадора Студыта, які жыў у ІХ ст., чые правілы законнага жыцця былі прынятыя ўсімі ўсходнеславянскімі манастырамі. Гэтыя правілы вызначаліся патрабаваннем строгай, але разумнай дысцыпліны і безумоўнай паслухмянасці.

Духоўны воблік Кірылы нідзе не выступае так ясна, як у ягоных малітвах. Малітвы Кірылы – “келійныя”, прызначаныя для прыватнага ўжытку, па чатыры і больш на кожны дзень тыдня, у іх захаваны парадак тыднёвага літургічнага кругу.

Гімнаграфічная спадчына св. Кірылы прадстаўлена двума канонамі. Канон – гэта даволі складаны твор, які з’явіўся ў візантыйскай гімнаграфіі ў пачатку VІІІ стагоддзя. Поўны канон мае дзевяць песняў, кожная з іх звязана з адной з дзевяці песняў Святога Пісання.

Кірыла вядомы як аўтар гэтак званага “Малебнага канону”, прызначанага для ўжытку ў першую чаргу ў Вялікі Пост. Другі вядомы канон св. Кірылы – гэта канон у гонар св. Вольгі, бабкі кіеўскага князя Уладзіміра Вялікага. Магчыма, канон быў напісаны з нагоды залічэння Вольгі да ліку святых.

Малітвы св. Кірылы носяць галоўным чынам пакутны характар. Але, нягледзячы на гэта, ў іх адсутнічае дух зняверанасці ці роспачы. Наадварот, яны поўныя хрысціянскага аптымізму, які трывае на веры ў бязмежную Божую міласэрнасць. Таму глыбокі і шчыры жаль за грахі спалучаецца з ціхай душэўнай радасцю. «Ведаю, - піша святы ў малітве, - што Ты прывёў мяне з небыцця ў быццё і ўпрыгожыў падабенства Свайго вобраза, даўшы ў дар мне слова і розум. Ты ўзнёс мяне вышэй за жывёлу і паставіў валадаром усяго тварэння. І вось я, як дзіця, падмануты ворагам маім, і падпаў пад уладу крайняй пагібелі (...) Хоць я ўвесь нячысты і апаганены, але спадзяюся на Тваю літасцівасць, бо Ты не адхіліў дзве лепты ўдавы, але пахваліў яе перад іншымі, а таксама і мытніка, што маліўся са скрухаю, апраўдаў». Бог, кажа святы ў сваіх малітвах, стварыў чалавека самаўладным, а ён падпарадкаваўся граху і нячыстаму, зацямніўшы сваю першаствораную красу. І вось чалавек просіць Хрыста ўкрыжаваць цела яго страхам Божым, вызваліць думкі ад усяго зямнога і далучыць да нябеснага, а Багародзіцу моліць заступіцца за яго перад нябесным Царом. 

З усіх твораў Кірылы найбольш вядомыя ягоныя казанні, альбо, як яны называліся ў старажытнасці, “словы”. Колькасць словаў, якія бясспрэчна належаць Кірылу, невялікая, іх толькі восем. Усе словы адносяца да Велікоднага перыяду – ад Вербнай нядзелі да шостай нядзелі пасля Вялікадня.

У словах святога Кірылы шчасліва спалучаюцца пісьменніцкія здольнасці з шырокімі для таго часу багаслоўскімі ведамі. Кірыла быў, несумненна, найлепшым знаўцам Святога Пісання сярод ранніх усходнеславянскіх пісьменнікаў. Ён таксама ведаў творы айцоў Царквы, асабліва Яна Залатавуснага, уплыў якога адчуваецца ў перайманні характару творчасці. Авеяныя духам любові да Бога, словы справядліва здабылі іхняму аўтару славу другога Залатавуснага.

У «Слове на антыпасху» святы кідкімі жывапіснымі метафарамі малюе веснавое абнаўленне прыроды як урачысты гімн прыгожага тварэння свайму Творцу: «Сёння сонца, красуючыся, на вышыню ўзыходзіць і, радуючыся, зямлю сагравае: узышоў бо нам з магілы праведнае сонца Хрыстос, і ўсіх, веруючых Яму, збаўляе. (...) Сёння вясна красуецца, ажыўляючы зямную істоту, і бурныя ветры, ціха павяваючы, плады спеляць, і зямля, насенне жыўлячы, зяленую траву нараджае. Вясна бо - гэта красная вера Хрыстова, якая хрышчэннем дасягае чалавечай прыроды; бурныя ж ветры - грахоўныя помыслы, якія пакаяннем пераўтварыліся на дабрадзейнасць – карысныя для душы плады спеляць. Зямля ж істоты нашай, як насенне Слова Божае прыняўшы (...), дух збаўлення нараджае». У «Слове пра паралізаванага» аўтар піша пра Хрыста: ён не чарадзей, нават не анёл, але сам Бог, таму што «слова яго сталася справай». У «Слове на святы Вялікдзень» ён красамоўна пацвярджае богачалавечнасць Хрыста евангельскімі сведчаннямі: «Перад учарашнім днём Госпад наш Ісус Хрыстос як чалавек быў распяты, і як Бог і сонца зацямніў, і месяц у кроў перамяніў, і цемра была па ўсёй зямлі: як чалавек, ускрыкнуў і аддаў дух, але як Бог зямлю строс, і камяні параспадаліся...». Як чалавек - памёр, а як Бог уваскрос на трэці дзень, перамог пекла і смерць. А ў «Слове на трэцюю нядзелю пасля Вялікадня» Кірыла зноў звяртаецца да сваіх слухачоў: «Вам хачу паведаць таямніцы Божага чалавекалюбства, якое за Адама, што паддаўся тленнасці, пакутавала. Бо дзеля таго з нябёсаў зышоў і ўцелавіся, і стаў чалавекам, каб тленнага абнавіць і на нябёсы ўзвесці. Адам, паслухаўшыся парады варожай, захацеў стаць Богам і быў пракляты, Хрыстос жа, паслухаўшы Айца, з Бога стаўся чалавекам, каб змея загубіць і чалавека абагавіць».

Творы Кірылы Тураўскага склалі залаты фонд старажытнабеларускай літаратуры і на працягу стагоддзяў карысталіся вялікай папулярнасцю на землях усходніх славян, перапісваліся да XIX ст.

Кірыла Тураўскі пісаў па-царкоўнаславянску. Таму ў наш час робяцца спробы перакладу яго твораў на беларускую мову. Айцец Язэп Германовіч, вядомы як паэт Вінцук Адважны, пераклаў адну з малітваў, а вядомы знаўца беларускай музыкі Гай Пікарда падабраў да яе мелодыю. Так паўстала песня “Дай, добры Божа...”. Важны крок у напрамку перакладаў твораў св. Кірылы зрабіў Алесь Разанаў, які пераклаў вершам на сучасную беларускую мову адно з яго словаў.

Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ўшаноўвае памяць св. Кірылы Тураўскага 28 красавіка.

Каментары: