Святы Андрэй Баболя
Праз некалькі дзясяткаў год пасля мучаніцтва св. Язафата ў Віцебску супольнасць святых мучанікаў за адзінства Хрыстовай Царквы папоўніў святар езуіт Андрэй Баболя, якога, таксама як і св. Язафата, празвалі “душахватам”. Андрэй Баболя паходзіў са шляхецкага роду, нарадзіўся 30 лістапада 1591 г. у Польшчы. Выхоўваўся ў сям’і з моцнымі каталіцкімі традыцыямі. Скончыўшы пяцігадовы курс езуіцкай школы, 31 ліпеня 1611 г. Андрэй вырашыў уступіць у закон езуітаў у Вільні. З 1613 г. ён вывучаў філасофію ў Віленскай акадэміі. У 1622 годзе Андрэй Баболя скончыў тэалагічны факультэт і прыняў святарскія пасвячэнні. Настаяцелі накіравалі яго на так званае трэцяе паслушніцтва (або прабацыю), апошні афіцыйны этап езуіцкай фармацыі, які працягваўся каля года.
1 верасня 1622 года Андрэй распачаў такое паслушніцтва ў Нясвіжы, у калегіі, заснаванай у 1582 годзе князем Мікалаем Кшыштафам Радзівілам, і ў гэтай мясцовасці ён застаўся на наступны год у якасці рэктара касцёла. Вызначыўся ён як спаведнік і прапаведнік. Акрамя таго, з вялікай самаадданасцю працаваў як вясковы місіянер у ваколіцах Нясвіжа. Сто чалавек атрымалі з яго рук сакрамэнт хросту, сужэнскай сувяззю ён злучыў сорак дзевяць параў, якія да таго часу жылі без царкоўнага шлюбу, многіх прывёў да споведзі і лепшага жыцця.
У 1624 г. Андрэя Баболю як выдатнага прапаведніка перавялі ў Вільню, у касцёл св. Казіміра. У 1630 годзе, адразу ж пасля ўрачыстага складання вечных зарокаў, Андрэй Баболя накіраваўся з Вільні ў Бабруйск. У XVII стагоддзі ў гэтай невялікай мясцовасці большасць насельніцтва была праваслаўнаю. Там было дзве цэркаўкі. Маральна-рэлігійны стан каталіцкіх мяшчанаў, а таксама навакольных вяскоўцаў быў варты жалю. Каб палепшыць гэтую сітуацыю, тагачасны бабруйскі староста Пётр Трызна вырашыў запрасіць езуітаў. Андрэй Баболя стаў першым настаяцелем рэзідэнцыі езуітаў у Бабруйску. Ён прыкладаў намаганні для таго, каб матэрыяльна забяспечыць давераную яму рэзідэнцыю, але перадусім працаваў як спаведнік і прапаведнік у невялікім парафіяльным касцёле св. Пятра. Пасля нейкі час працаваў прапаведнікам у розных гарадах Польшчы і зноў жа ў Вільні.
У канцы 1642 г. Баболю накіравалi ў Пiнск, дзе ён вёў адданую місіянерскую дзейнасць. У тыя гады шмат праваслаўных хадзілі ў езуіцкі касцёл слухаць казанні і навуку катэхезіса, многія з праваслаўнай шляхты аддавалі сваіх дзяцей у езуіцкую калегію. Вучні школы, дзе працаваў Андрэй, любілі яго, удзячныя за добразычлівасць, з якою ён да іх ставіўся. Але ў гэты час Баболю пачало падводзіць здароўе. Магчыма, па гэтай прычыне ён пакінуў Пінск і ў сярэдзіне 1646 года вярнуўся ў Вільню. Летам 1652 года ён другі раз прыехаў у Пінск.
У той час рэлігійнае жыццё палешукоў было ў вельмі занядбаным стане: у народзе панавалі шматлікія забабоны, людзі амаль не ўдзельнічалі ў богаслужэннях. Андрэй Баболя хадзіў праз балоты з вёскі ў вёску, несучы святло Божай праўды ў самыя аддаленыя куточкі Палесся. Ён добра ведаў творы ўсходніх айцоў Царквы і заўсёды мог аргументавана адстойваць аўтарытэт каталіцтва ў розных рэлігійных дыспутах. Дзякуючы яго намаганням шмат людзей навярнулася да Бога і паядналася з Каталіцкай Царквой. З-за гэтага Андрэя Баболю называлі апосталам Піншчыны і «душахватам».
Спачатку ў вёсках Пiншчыны езуiцкiх мiсiянераў прымалi вельмi неахвотна. Аднак з часам шмат сялян ужо збiраліся на казаннi ў вясковых хатах. Такія ўмовы Андрэй Баболя выкарыстоўваў, каб прымаць удзел у дыскусіях з прадстаўнікамі іншых канфесій. За заслугі Андрэя Баболю пачалі называць апосталам Палесся.
У той жа час рэзка абвастрыліся адносіны паміж канфесіямі, у першую чаргу — з праваслаўнаю. Супярэчнасці на рэлігійнай глебе імкнуліся выкарыстаць для дасягнення сваіх брудных мэтаў розныя сілы. Адной з такіх сілаў былі казакі, якія дзейнічалі цалкам бескантрольна і тэрарызавалі ўсё мясцовае насельніцтва. У сераду 16 мая 1657 г. казакі уварваліся ў Янаў Палескі (сучаснае Іванава Брэсцкай вобл.), дзе яны забілі ўсіх каталікоў і юдэяў, не зважаючы на ўзрост, пол і паходжанне.
Даведаўшыся, што незадоўга перад гэтым з Янава выйшаў Андрэй Баболя, казакі накіраваліся за ім у пагоню. Недзе апоўдні яго схапілі. Каб прымусіць адрачыся сваёй веры, казакi спачатку бiлi яго нагайкамi, потым знявечылі твар. Андрэю Баболю, якi i пасля гэтай паказальнай экзекуцыi не здрадзіў сваёй веры, звязалi рукi вяроўкай, прывязалi да пары коней і накiравалi ў Янаў. Чатыры кiламетры Андрэй Баболя бег памiж імі, падаючы і падаючы. Яго падганялі бізунамі, калолі дзідай, глыбока ранілі шабляй. У Янаве з дубовага вецця сплялi вянок i ўздзелi яму на галаву. Пасля кiнулi на стол i, змушаючы адрачыся ад каталіцкай веры, працягвалі страшна катаваць. Праз дзве гадзiны, яшчэ жывога, падвесiлi за ногi да столi. Удар шабляй закончыў зямное жыццё Баболi. Пахаванне было надзвычай сціплым. Цела прывезлі ў Пінск, дзе паклалі ў драўляную, пафарбаваную ў чорны колер труну, якую змясцілі ў падзямеллі касцёла — побач з іншымі пахаванымі.
Андрэй Баболя быў сорак дзявятай ахвярай, якую прынёс ордэн езуітаў у гэты час. Праз шэсць гадоў пасля смерці Баболі нехта падпаліў калегію. Праз восем гадоў — яшчэ да заканчэння адбудовы — частка яе ператварылася ў руіны. Шмат разоў жыхарам даводзілася ўцякаць ад чарговых нападаў казакаў. Перад абліччам пастаяннай пагрозы і матэрыяльных клопатаў усе забыліся пра Андрэя Баболю.
Мiнула 45 гадоў пасля смерцi мучаніка. Падчас Паўночнай вайны Пінску пагражала небяспека. Калi ў нядзелю, 16 красавiка 1702 г., заклапочаны рэктар тутэйшага калегiума Марцiн Гадэбскi маліўся аб паратунку, яму прыснiўся невядомы езуiт, якi сцвярджаў, што ён, Андрэй Баболя, будзе апеквацца кляштарам, калі яго цела будзе ўшанавана. Тры дні працягваўся пошук. Калі труну знайшлі і адчынілі, прысутныя з велізарным здзіўленнем убачылі мёртвае цела мучаніка, пакрытае пылам, але вельмі добра захаванае, нібы яго пахавалі толькі ўчора. Убачылі сляды катаванняў, раны, на якіх была застылая, але нібы яшчэ свежая кроў. Цела акуратна ачысцілі, ахінулі ў новую прасціну, накрылі сутанай, чорным арнатам у адамашку і пераклалі ў новую труну, якую змясцілі на ўзвышэнні пасярод крыпты.
Навiна пра адшуканне цела, якое захавалася ў вiльготным склепе, маланкаю абляцела ўсё Палессе. Жыхары Пiнска, Янава i ваколiц пачалi ўспамiнаць аповеды старэйшых. Нечакана адрадзiлася вуснае паданне аб гераiзме брата Андрэя. Шмат людзей з ваколiц прыходзiла да акенца крыпты.
У 1793 годзе — у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай — Пінск апынуўся пад уладаю царыцы Кацярыны ІІ, якая ліквідавала Пінска-Тураўскую ўніяцкую епархію. Яна адабрала ў уніятаў былы езуіцкі касцёл разам з калегіяй і пасяліла там праваслаўных, якія вырашылі зачыніць крыпту і не пускаць туды вернікаў, а пазней, у адпаведны момант, закапаць цела мучаніка ў зямлю, патаемна ад людзей. Вестка пра гэта дайшла да езуітаў у Полацку. Яны атрымалі дзясяткі дазволаў, самых розных дакументаў і на павозцы перавезлі мошчы ў Полацк. Полацк стаў чарговым цэнтрам культу мучаніка. Культ развіваўся з кожным днём. Прыкладам служылі самі айцы езуіты.
Не зважаючы на тое, што царскi ўрад рабiў усё, каб перашкодзiць справе беатыфiкацыi, у 1853 годзе Папа Пій ІХ абвясціў Андрэя Баболю блаславёным, адзначаючы, што ён — вялікі мучанік Царквы. А з 1938 г., згодна з дэкрэтам Папы Пія ХІ, Каталіцкая Царква вызнае Андрэя Баболю за святога. Папа Пій XII у 1957 г. у сваёй энцыкліцы, прысвечанай 300-годдзю яго мучаніцкай смерці, назваў яго непераможным змагаром Хрыста.
У савецкiя часы неаднаразовыя спробы зняславiць мошчы былi рашуча спыненыя грамадствам. Толькi 23 чэрвеня 1922 года касцёл у Полацку, дзе яны тады знаходзіліся, акружыла войска. Актывісты адчынiлі труну і, зняўшы з цела адзенне, кiнулi яго на падлогу. На здзiўленне прысутных, астанкi не рассыпалiся. Быў складзены пратакол аб iх стане, дзе сцвярджалася, што «труп» добра захаваўся дзякуючы ўласцiвасцям зямлi, у якой ён знаходзiўся. Пасля гэтага святатацкага акта мошчы пакiнулi ў спакоi, але ненадоўга. 20 лiпеня ў касцёл уварвалiся «байцы» i, разагнаўшы парафiянаў, вывезлi цела ў Маскву, дзе яно было змешчана ў будынку Гiгiенiчнай выставы Народнага камiсарыята здароўя.
У 1922 г., калi ў Савецкiм Саюзе быў голад, Папа Пiй ХI выдзелiў вялiкую дапамогу галадаючым. Тады савецкi ўрад прыхiльна паставiўся да просьбы святога айца аб вяртаннi рэлiквiй у Рым.
Пасля кананізацыі Андрэя Баболі ў 1938 г. мошчы былі перададзены Польшчы і цяпер знаходзяцца ў Варшаве. Святы Андрэй Баболя з’яўляецца апекуном Пінскай дыяцэзіі і патронам чыгуначнікаў.
Аповед пра жыццё і смерць Андрэя Баболі быў бы няпоўным без згадкі адносін да яго двух славутых асобаў.
Папа Рымскі Ян Павел II, сёння ўжо сам далучаны да ліку святых, выступаючы ў Люблінскім каталіцкім універсітэце, падкрэслiў, што небяспечным з’яўляецца толькi той чалавек, якi заключае саюз з канфармiзмам. А святы Андрэй Баболя ў любых абставiнах умеў быць сведкам евангельскай праўды i таму, нягледзячы на абрадавыя цi культавыя адрозненнi, прыцягваў сэрцы ўсiх, хто хоча быць сведкам Хрыстовай мукi i Яго ўваскрасення.
Вельмі шанаваў беларускага святога Янка Купала, які напісаў дзве паэмы, прысвечаныя яму: «Святы Андрэй Баболя, мучанік беларускі» і «Святы Андрэй Баболя, мучанік беларускі за веру». І гэтыя нататкі хочацца скончыць словамі песняра:
Там, дзе Прыпяць-рака па пяску гоніць воды
Сярод багнаў і пушчаў палескіх;
Там Баболя Святы душам нёс асалоду,
Жыў, вучыў веры Божай, нябескай.
Зрокся панскіх дастаткаў, уцехі і славы,
Неба тайнага кліку паслухаў;
Пасвяціўся на службу за Божую справу,
Ў сэрцы маючы Божага Духа.
І вясковую, ўбогую, цёмную хату
Палюбіў з яе горам, нудою,
З добрым словам, з пацехай спяшаўся да брата,
Ўсім атуху прыносіў з сабою.
Ні яму маразы на дарозе стаялі,
Ні яго адстрашалі грымоты,
З Божым Дарам усюдах яго спатыкалі,
Як ішоў, як нёс свет у цямноты.
Ў Беларусі ў той час войны, бітвы кіпелі:
Край чужынцы напалі, змагалі,
Як маглі, ні малых, ні старых не жалелі,
Што нажу, што агню аддавалі.
Не мінула і Піншчыны гэта няшчасце:
Банды ворагаў суд свой тварылі,
Здрайцы ў помач к ім шлі, каб самім не прапасці,
І магілы братам сваім рылі.
Хто свае кідаў хаты і ў пушчы хаваўся,
Хто ратунку ў чужым краю шукаў,
А Баболя на службе сваей аставаўся
Сярод гэтых пажараў і мукаў.
З верай шчырай у справу рэліг’і святую
Пацяшае, наўчае, дзе можа,
Покі вораг і гэту душу залатую
Не парваўся змагчы і зніштожыць.
Здрайца мейсца ўсказаў, дзе Святы навучае...
З дзікім гікам злавілі Баболю,
А той іх Божым словам вітае
І сябе аддае Божай волі.
На сваю на ахвяру, як звер згаладалы,
Навалілась казачая шайка,
І аддалі мучэнню, як сіл ім ставала
Секлі, рэзалі шабляй, нагайкай.
Прывалокшы Святога Андрэя ў Янова,
На разнічым стале палажылі,
Пачалі катаваці па-свойму нанова —
Цела рэзалі, косці крышылі.
Абразалі і губы, і вушы, і пальцы,
Пачапілі вяроўкаю к столі,
Заганялі цвікі, азвярэўшы, паганцы,
Аж дух к Богу ўзнёсся Баболі.
З той пары лет без ліку няпамяць скасіла,
Многа лет, многа зім прамінула,
Не адна ўзышла пры магіле магіла,
Шмат чаго ў небыццё патанула.
Толькі хвала не ўмёрла Андрэя Баболі:
Даў Бог сілу яму тварыць цуды,
А іх сведка — народ не забыўся ніколі,
Ўзносе модлы к Святому паўсюды.
Песні, казкі растуць і растуць з кожным годам
Аб замучаным страшна Андрэю,
Хвала шырыцца скрозь ад народу к народу,
Дух Святога цуднее, яснее...
Будзь жа, будзь ты, Баболя, заступнікам нашым
Перад Ствурцам Нябесным Прадвечным,
І люд свой, што любіў так, хоць вораг і страшыў,
У апецы і ласцы мей вечна.
Выпрась долю яму і прыхільнасць у Бога,
Спор у хаце, уражайнасць у полі,
Павядзі к яснай славе шчаслівай дарогай
Беларусь з паніжэння, з няволі.
Дай нам гарт, моц і сілу няпраўду здалеці,
Дай нам светач развідніваць ночы
І прымерам будзь нам, як павінны глядзеці
Смела гору і ворагу ў вочы.
Каментары: