Парафіяльнае свята ў Баранавічах
11 траўня Царква ўшаноўвае памяць святых роўнаапостальных Кірылы і Мятода, нястомных і мужных настаўнікаў славянаў, якія служылі Народу Божаму ў вельмі складаных умовах. Гэта дзень малітвы за святароў і семінарыстаў БГКЦ, дзень малітвы аб пакліканнях да служэння Богу і Царкве.
У гэты дзень таксама святкуе сваё свята баранавіцкая парафія святых Кірылы і Мятода. У гэтым годзе святкаванне адбылося 9 траўня. Святую Літургію ў храме Найсвяцейшай Тройцы ўзначаліў апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Разам з ім саслужылі святары з Менску, Івацэвічаў і Ліды, а таксама айцы-рэдэмптарысты з Горадні.
Святочнае казанне да вернікаў прамовіў а. Анджэй Ядкоўскі, CSsR, настаяцель рыма-каталіцкай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Горадні. У сваіх разважаннях пра святасць айцец нагадаў прысутным, што для таго, каб трапіць у Божае Валадарства, нам неабходна стаць святымі. Для ўзрастання ж у святасці найперш трэба быць сумленным чалавекам, адданым Богу, і памятаць пра свае карані.
Пасля Святой Літургіі архімандрыт Сяргей удзяліў прысутным папскае блаславенне ад імя апостальскага нунцыя ў Беларусі архібіскупа Антэ Ёзіча. Завершылася святочная малітва Малебнам святым айцам нашым, роўным апосталам Кірылу і Мятоду, настаўнікам славянскім. "Хоць мы, як непакорлівыя дзеці, не выконвалі вашых запаведзяў, занядбалі нашыя намаганні дагадзіць Богу, як вы навучалі, і адпалі ад адзінства і любові, якой вы, як браты па веры і плоці, справядліва настаўлялі славянаў, усё ж не пераставайце цяпер маліцца за сваіх грэшных і нягодных дзяцей. Паколькі вы можаце адважна стаць перад Госпадам, горача маліце Яго, каб Ён прывёў нас і навярнуў на шлях збаўлення, каб супакоіў спрэчкі і падзелы, якія ўзнікаюць паміж братамі адной веры, каб тых, хто адпаў, зноў вярнуў да адзінства, і ўсіх нас у адзінстве духа і любові аб’яднаў у адзінай, святой, паўсюднай і апостальскай Царкве".
Каментары: