300-годдзе з дня нараджэння св. Герарда

У Юбілейны год Надзеі і трохсотую гадавіну з дня нараджэння святога Герарда Маелы, а. Ражэрыё Гомес CSsR, генеральны настаяцель рэдэмптарыстаў, запрашае нас нанава адкрыць для сябе актуальнасць гэтага брата, які са сціпласцю і любоўю адлюстроўваў прысутнасць Адкупіцеля ў паўсядзённым жыцці. Святы Герард працягвае натхняць нас на нашым шляху веры, нагадваючы, што святасць квітнее ў прастаце і вернасці Евангеллю.
Рым, 16 кастрычніка 2025 г. Свята святога Герарда Маелы
Місіянеры Надзеі па слядах Адкупіцеля
ГОД, ПРЫСВЕЧАНЫ МІСІІ
Госпад, Які пасылае нас як місіянераў і пілігрымаў Надзеі ў паранены свет
Лк 4:16-19, Мк 6:7-12, Лк 9:2-6, Пс 130:7 Канст. 1-20, Стат. 01-020
300-ГОДДЗЕ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ СВЯТОГА ГЕРАРДА
Дарагія сабраты, фармаваныя і рэдэмптарысцкая сям’я!
З вялікай радасцю мы сёння адзначаем свята святога Герарда Маелы, нашага ўмілаванага брата, у глыбока сімвалічным кантэксце: Юбілею Надзеі і 300-годдзя з дня яго нараджэння. Гэтае святкаванне выходзіць за рамкі простага гістарычнага ўспаміну; гэта час ласкі, запрашэнне нанова адкрыць прыгажосць святасці, выкаванай у малых і ціхіх момантах паўсядзённага жыцця.
Святкаваць дзень святога Герарда – гэта не проста ўшаноўваць святога, вядомага сваімі цудамі; гэта, перш за ўсё, дазволіць яго жыццю адгукацца ў сучаснасці як крыніцы натхнення і закліку да праўдзівасці ў нашым наследаванні Ісуса Хрыста, Адкупіцеля. Герард дазволіў Божай любові фармаваць сябе ў самых звычайных сітуацыях, у сціплых справах і штодзённых адносінах, паказваючы, што веліч святасці часта выяўляецца ў тым, што схавана і проста.
Ён быў чалавекам з сэрцам, адкрытым на Бога, і глыбокай чуласцю да чалавечых пакут. Ён пражыў сваё рэдэмптарысцкае пакліканне з радыкальнай вернасцю, нават сярод выпрабаванняў паказваючы, што святасць азначае не адсутнасць болю, а любоўную вернасць пры любых абставінах. Ён умеў слухаць сэрцам, набліжацца да іншых і станавіцца знакам надзеі для тых, хто прыходзіў да яго. Простымі, але ласкавымі жэстамі ён дапамагаў іншым нанава адкрыць сэнс жыцця, веру ў Бога і давер да сябе.
У гэты час Юбілейнага Года надзеі святы Герард працягвае вучыць нас трывала стаяць на зямлі рэальнасці, з яе святлом і цемрай, і трымаць свой позірк скіраваным на Адкупіцеля, крыніцу ўсялякай надзеі, бо Ён — надзея, якая не расчароўвае (параўн. Рым 5:5). Яго ўспамін заахвочвае нас быць чалавечай і спагадлівай прысутнасцю сярод сённяшніх бедных і пакінутых не абстрактным чынам, але канкрэтна, аддана і чула, уважліва ставячыся да шматлікіх формаў беднасці нашага часу.
Я веру, што святы Герард запрашае нас падыходзіць у духу міласэрнага Самараніна да шматлікіх формаў беднасці, прысутных у сучасным свеце: «беднасці тых, каму не хапае матэрыяльных сродкаў для існавання, беднасці тых, хто сацыяльна маргіналізаваны і не мае сродкаў, каб даць голас сваёй годнасці і здольнасцям, маральнай і духоўнай беднасці, культурнай беднасці, беднасці тых, хто апынуўся ў стане асабістай або сацыяльнай слабасці або далікатнасці, беднасці тых, хто не мае правоў, прасторы, свабоды» (Апостальская адгартацыя Dilexi te, 9). У свой час ён быў знакам Божай міласэрнай прысутнасці для гэтых братоў і сясцёр. Няхай ён і надалей будзе для нас прыкладам і заступнікам, каб мы заўсёды заставаліся вернымі харызме, якую Святы Дух даверыў Кангрэгацыі.
У гэты дзень, калі мы радасна адзначаем свята святога Герарда Маелы, я хачу выказаць асаблівую падзяку ўсім нашым братам місіянерам рэдэмптарыстам. Як і святы Герард, многія працягваюць сведчыць сваім жыццём пра прыгажосць паклікання, адзначанага прастатой, шчодрым служэннем і стрыманай, але глыбока пераўтваральнай прысутнасцю сярод Божага народу. Гэта людзі, якія са сціпласцю і адданасцю будуюць Валадарства Божае ў звычайных момантах штодзённага жыцця, з любоўю прымаючы рэдэмптарысцкую місію ва ўсіх яе вымярэннях. Няхай прыклад святога Герарда працягвае натхняць і ўмацоўваць кожнага Брата Рэдэмптарыста ў яго верным і ціхім адданні Хрысту Адкупіцелю і абуджаць пакліканне быць братам у сэрцах моладзі.
Папросім жа заступніцтва святога Герарда, каб мы маглі жыць і абвяшчаць Евангелле з адноўленай мужнасцю, радасцю і надзеяй; ідучы з народам, уважлівыя да знакаў Бога ў гісторыі, адкрытыя на дзеянне Духа, і заўсёды памятаючы, што святасць будуецца крок за крокам, у штодзённым жыцці, якім мы дзелімся з іншымі, падтрыманыя ласкай Духа Святога. Няхай ён дапаможа нам пераправіцца на другі бераг (параўн. Мк 4:35; Communicanda 2/2025).
Па-братэрску А. Ражэрыё Гомес, CSsR Генеральны Настаяцель
Каментары:
