Святкаванне стагоддзя прысутнасці рэдэмптарыстаў у В'етнаме

В'етнамская правінцыя рэдэмптарыстаў адзначае 100-годдзе з моманту прыбыцця першых рэдэмптарыстаў у В'етнам. Трое рэдэмптарыстаў з канадскай правінцыі Святой Ганны — а. Юбер Кузіно, а. Эжэн Ларуш і бр. Томас Сен-П'ер — па запрашэнні кардынала ван Росума адправіліся ў доўгае падарожжа 9 лістапада 1925 года і прыбылі ў Хюэ 30 лістапада таго ж года. Гэтае падарожжа паклала пачатак прысутнасці рэдэмптарыстаў у В'етнаме. З гэтага сціплага пачатку на працягу апошніх 100 гадоў місія рэдэмптарыстаў квітнела на в'етнамскай зямлі. Сёння В'етнамская правінцыя налічвае 390 рэдэмптарыстаў: 279 святароў, 21 брата, 12 дыяканаў і 78 студэнтаў-клерыкаў.
Урачыстасці распачаліся з канцэрта падзякі, падчас якога аспіранты, пастуланты і студэнты Багаслоўскага інстытута св. Альфонса прадставілі песні праслаўлення і пакланення, а таксама выдатна пастаўленую сцэнку, якую падрыхтавалі сабраты і студэнты. Таксама быў паказаны кароткі дакументальны фільм пра гісторыю В'етнамскай правінцыі. А. Дамінік Тхонг прывітаў усіх і падзякаваў усім прысутным, падкрэсліўшы, што мэта канцэрта — гэта час хвалы і падзякі Богу за атрыманыя ласкі, а таксама заклік працягваць жыць у адзінстве з Богам, адзін з адным і з беднымі. Генеральны настаяцель звярнуўся да аўдыторыі, акцэнтуючы ўвагу на пяці словах у кантэксце 100-годдзя прысутнасці рэдэмптарыстаў у В'етнаме: Мара, Гарызонт, Вера, Вытрываласць і крык Убогіх і Пакінутых. Канцэрт завяршыўся сумесным выкананнем песні хвалы і падзякі сабратамі з Азіі і Акіяніі.
Кульмінацыяй святкавання стала ўрачыстая Святая Імша ў Санктуарыі Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якую ўзначаліў Генеральны настаяцель а. Ражэрыа Гомес, CSsR. У ёй канцэлебравалі каля 75 рэдэмптарыстаў.
Падчас гаміліі на англійскай мове, якая перакладалася на в'етнамскую для вернікаў, а. Ражэрыа падкрэсліў наступныя моманты: «Святкаванне стагоддзя Правінцыі — гэта момант глыбокай падзякі і аднаўлення місіянерскіх абавязкаў. Аднак гэта таксама і адпаведная нагода з надзеяй паглядзець у будучыню. Якім будзе евангелізацыйны ўклад Правінцыі на наступныя сто гадоў? Як мы можам зноў распаліць энтузіязм сабратоў, каб яны маглі з вернасцю і руплівасцю працягваць місіянерскую справу? Як мы можам заахвоціць тых, хто праходзіць фармацыю, прыняць сваё пакліканне з адказнасцю, унутранай свабодай і адкрытасцю на заклік Госпада? Якія вымярэнні апостальскага жыцця Правінцыі патрабуюць умацавання дзеля большага місіянерскага плёну? І як Правінцыя можа больш эфектыўна супрацоўнічаць з усёй Кангрэгацыяй праз місіянерскую салідарнасць? Гэтыя пытанні могуць паслужыць пунктамі для распазнавання, асвятляючы шлях Правінцыі энтузіязмам і адвагай у крэатыўным і ўдзячным адказе Святому Духу, Які працягвае натхняць жыццё і місію на зямлі В'етнама».
Затым правінцыял В'етнамскай правінцыі а. Дамінік Тхонг, CSsR падзякаваў а. Генералу, усім прысутным сабратам і вернікам за тое, што яны сваёй прысутнасцю зрабілі гэтае святкаванне памятным і асаблівым. Ён падзякаваў Богу і папрасіў ласкі Адкупіцеля, каб В'етнамская правінцыя працягвала расці ў духу Місіянераў Надзеі па слядах Адкупіцеля. Вечар завяршыўся святочнай вячэрай і радаснымі спевамі: семінарысты, сабраты і ўдзельнікі сустрэчы Азіі і Акіяніі спявалі на сваіх мовах, дзякуючы і праслаўляючы Госпада.
А. Джозэф Айвэл Менданья, CSsR Генеральны дарадца
Каментары:
