Нігер: 65-годдзе парафіі св. Аўгустына і прысутнасці рэдэмптарыстаў у Агадэсе

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

У нядзелю, 14 снежня 2025 года, парафіяльная супольнасць Каталіцкай Царквы ў Агадэсе радасна адзначыла свой «ружовы» юбілей — 65 гадоў існавання парафіі святога Аўгустына.

Святкаванне прайшло ў каталіцкім храме Агадэса і распачалося ўрачыстай святой Імшой падзякі, якую ўзначаліў Яго Эксцэленцыя монсіньёр Ігнаціус Канмурум Аніпу, M.Afr., біскуп дыяцэзіі Марадзі. Юбілейную ўрачыстасць аздобіў братэрскі ўдзел сабратоў з дыяцэзіі Ніямей, а таксама святароў, манаскіх асобаў і шматлікіх вернікаў.

Галоўнымі падзеямі святкавання сталі юбілейная Імша падзякі, увядзенне на пасаду новага пробашча, пасвячэнне новага парафіяльнага храма, братэрскі прыём, які спрыяў яднанню і сяброўству.

Гэты гістарычны юбілей стаў момантам глыбокай удзячнасці Богу за Яго блаславенне на працягу 65 гадоў душпастырскага жыцця, а таксама адноўленай рашучасці працягваць місію Царквы ў веры, надзеі і служэнні. Урачыстасць была прысвечана адначасова як 65-годдзю парафіі, так і 65-годдзю прысутнасці рэдэмптарыстаў у Агадэсе.

Нагадаем, што рэдэмптарысты прыбылі ў Агадэс у 1960 годзе і з таго часу працуюць дзеля росту Божага Валадарства ў гэтай частцы Нігера, надаючы асаблівую ўвагу бедным, сярод якіх — мігранты і жыхары суседніх з Нігерам краін.

Дзякуем Богу за 65 гадоў веры, служэння і хрысціянскага сведчання людзей з парафіі святога Аўгустына ў Агадэсе, якая ўваходзіць у склад віцэ-правінцыі Заходняй Афрыкі.

Каментары: