Полацкія пакутнікі

- . Апублікавана ў Публікацыі

11 ліпеня 1705 г. у Сафійскім саборы ў Полацку расійскі цар Пётр І разам са світай закатаваў 5 манахаў-базылянаў. Тагачасная Еўропа ўздрыганулася ад бессэнсоўнай жорсткасці каранаванай асобы, аднак з большага прамаўчала. Толькі Апостальская Сталіца публічна кінула расійскаму цару, пераможцу пад Палтавай, цяжкае абвінавачанне за пераслед Уніяцкай Царквы. Гэта быў ці не адзіны голас выразнага асуджэння Пятра І, стваральніка Расійскай імперыі, якога ўжо баяліся і лічылі за лепшае не сварыцца з ім і якога пазней так уславілі гісторыкі.

11 ліпеня 1705 г. расійскі цар Пётр I, які ў той час быў у горадзе, напярэдадні адзначыўшы свае імяніны (дзень святых Пятра і Паўла) п'янкай і гуляннем, разам з Меншыкавым і іншымі афіцэрамі ўвайшлі ў Сафійскі сабор падчас Вячэрні.

Пётр I пачаў пахаджваць па храме, разглядаючы абразы, некаторыя ж манахі ішлі за ім. Калі ж цар падышоў да капліцы, у якім вісела ікона святога Язафата Кунцэвіча, то спытаў айца вікарыя (намесніка ігумена) Канстанціна Заянчкоўскага: «Чыя выява на гэтым абразе?». Іераманах адказаў: «Блаславёнага Язафата». А Пётр на гэта:

- Які ён святы? - Вікарый адказаў, што Язафат быў святамучанікам.

- Хто яго замучыў? - працягваў пытацца цар.

- Віцебчукі. - Адказаў а. Канстанцін.

- Што за людзі? - пытаецца.

- Шляхта і мяшчане. - Быў адказ.

- Якой веры? - Цар нарэшце дасягнуў сваёй мэты дыялогу.

На гэтае пытанне іераманах адказаў маўчаннем, аднак жа Меньшыкаў падскочыў да манаха і пытаўся горача і шматкроць: «Гавары ж, якой веры?» На гэта вікарый адказаў: «Той жа, што і Ваша міласьць». Пётр I, як толькі пачуў такі адказ, стукнуў а. Канстанціна кулаком у зубы, так што той заліўся крывёю, а потым стукнуў кіем па галаве. Пасьля гэтага расейскі цар выхапіў шаблю і адсек іераманаху нос і вушы, і загадаў павесіць яго.

Наступнай ахвярай стаў а. Тэафан Калбячынскі, прапаведнік полацкага манастыра. Яго прывалаклі да цара, усё да той самай капліцы святога Язафата, і спыталі: "Ці ты прапаведнік?» Ён сказаў, што так. Яму загадалі расшпіліць каўнер падрасніку, і, схапіўшы за валасы, цар і Меньшыкаў некалькі разоў шпагамі працялі яму горла з такой лютасцю, што ледзь не патрапілі адзін у аднаго.

У той час у іншай частцы храма, як толькі цар напаў на а. Канстанціна, афіцэры, якія былі з Пятром I, пачалі штыкамі калоць і нагамі таптаць іншых манахаў. Пасля гэтай крывавай расправы расійскі цар выйшаў на могілкі да жаночага манастыра, сеў на зямлю і выціраў скрываўленыя рукі аб траву. Потым пайшоў да манастыра, дзе яго сустракалі перапуджаныя сёстры. Ён жа казаў ім: «Не бойцеся! Нічога вам не будзе», - і загадаў прынесці сабе піва і піў.

У гэты час а. Клемент Разьнятоўскі, які падчас расправы збег, далажыў ігумену Якубу Кізякоўскаму аб трагедыі ў храме. Пачуўшы гэта, ігумен адразу паспавядаўся а. Клементу і, апрануўшыся ў манаскае адзенне і мантыю, хацеў ісці на могілкі, кажучы: «Прыйшоў час мой». Айцец Клемент спрабаваў стрымаць яго, каб той застаўся на месцы ў чаканні Божай волі... У гэты ж час у манастырскую браму пачалі званіць. Калі пазванілі ў трэці раз, ігумен блаславіў субрата знакам крыжа ды выйшаў праз браму. Адразу ж былі чутныя крыкі і валтузня, калі схапілі яго.

Айцец Якуб быў схоплены і дастаўлены да цара ў шацёр. Тут над ім здзекаваліся і катавалі, а таксама пыталіся пра тое, дзе знаходзяцца мошчы святога Язафата і царкоўнае начынне. Увечары гэтага ж дня ігумен памёр ад катаванняў.

Да намесніка ігумена, Канстанціна Заянчкоўскага, перш чым павесіць яго, каты прывялі «маскоўскага» святара, які падбухторваў яго, кажучы: «Каб унію пракляў і праваслаўе прыняў». З ганьбай адаслаў яго а. Канстанцін, кажучы: «Прэч ідзі, сыне д'ябла! Я сёння Богу майму склаў ахвяру [у Эўхарыстыі] і Цела Хрыстова прыняў, я гатовы памерці і памру за адзінства Веры святой праваслаўнай...».

Акрамя гэтых трох пакутнікаў былі яшчэ два: іераманах Якуб Кнышэвіч - быў ён пасечаны царскімі афіцэрамі ў іншай частцы храма і памёр праз некаторы час ад ран. Другім быў манах Язэп Анкудовіч - ён таксама, як і а. Якуб, быў пасечаны афіцэрамі, аднак выжыў, каб сведчыць аб злачынстве.

Каментары: