Як часта трэба прыймаць Святое Прычасце?
Як часта трэба прыймаць Святое Прычасце? Большасць вернікаў маюць вельмі спрошчанае ўяўленне пра адказ на гэтае пытанне. Паколькі, згодна з трэцяй Божай запаведдзю, абавязкова браць удзел у Літургіі трэба ў нядзелю і святы, то і Прычасце прымаць, адпаведна, можна раз у тыдзень. Аднак рэальнасць і праўда трохі іншая.
Калі вучні Ісуса просяць Яго навучыць іх маліцца, Хрыстос іх вучыць малітве “Ойча наш”, у якой адна з просьбаў: “Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння” (Мц. 6, 11). Слова “штодзённы” (грэц. επιούσιον) даслоўна перакладаецца як “той, які адносіцца да кожнага новага, наступаючага дня”). Безумоўна, пад гэтым “хлебам” разумеецца не толькі звычайная цялесная ежа. Сам Хрыстос недвухзначна сцвердзіў: “Я — хлеб жыцця” (Ян. 6, 48), “Я — хлеб жывы, які з неба зыйшоў. Хто б еў гэты хлеб, жыць будзе вечна; а хлеб, які Я дам, ёсць цела Маё, якое Я аддам за жыццё свету” (Ян. 6, 51), “Цела Маё сапраўды ёсць ежа, а кроў Мая сапраўды ёсць пітво. Хто есць цела Маё ды п’е кроў Маю, ува Мне прабывае, а Я ў ім” (Ян. 6, 55-56).
Пра гэта сведчыць і царкоўная традыцыя. У малітве на заканчэнне Праскамідыі (пачатак Літургіі), святар моліцца: “Божа, Божа наш, Ты, што паслаў Хлеб нябесны, спажыву ўсяму свету, Госпада і Бога нашага Ісуса Хрыста, Адкупіцеля, Збаўцу і Дабрачынца нашага, які бласлаўляе і асвячае нас”. А Катэхізіс Каталіцкай Царквы, тлумачачы малітву “Ойча наш”, адзначае: “Эўхарыстыя - наш штодзённы хлеб. Годнасць, якая належыць гэтай боскай ежы, у сіле яднання: яна злучае нас з Целам Збаўцы і робіць нас Яго членамі, каб мы сталі тым, што мы прынялі. (…) Хрыстос «Сам - Хлеб, Які, пасеяны ў Дзеве, узышоўшы ў плоці, угатаваны ў муках, выпечаны ў пекле магілы, пакладзены ў сховішча Царквы, прынесены на алтары, кожны дзень забяспечвае вернікаў нябеснай ежай» (ККЦ 2837).
Такім чынам, навучыўшы нас маліцца да Айца, Госпад таксама заклікае кожнага прымаць Яго Цела і Кроў кожны новы дзень, бо гэта адзіная магчымасць для нас атрымаць Божую ласку, ад якой залежыць нашае жыццё, у поўнай меры. “Я — вінаградны ўшчэп, а вы — галіны. Хто прабывае ўва Мне, і Я — у ім, той прыносіць многа пладоў, бо без Мяне вы не можаце нічога зрабіць. Хто не будзе ўва Мне, будзе адкінуты прэч, як галінка, і ссохне, і падбяруць яе, і кінуць у агонь, і там згарыць” (Ян. 15, 5-6).
http://katalik.livejournal.com
Каментары: