Святы Язафат Кунцэвіч
Каталіцкая Царква розных абрадаў ушаноўвае святога Язафата Кунцэвіча 12 лістапада — у дзень яго пакутніцкай смерці ў 1623 годзе.
Ян, а ў манастве Язафат, Кунцэвіч, нарадзіўся ў 1580 годзе ў горадзе Уладзімір-Валынскі. Бацька яго быў купцом і імкнуўся даць сыну адпаведную адукацыю. У шаснаццацігадовым узросце бацька накіроўвае юнака вучыцца да свайго сябра — вялікага купца ў Вільню. У гэты 1596 год царкоўнае жыццё сталічнага горада віравала вакол заключанай у той час Берасцейскай уніі. Вільня становіцца ці не самым вялікім горадам супраціву уніі; ваяводам горада тады быў кальвініст Хрыстафор Радзівіл — ён успрымаў унію як частку вялікага руху контррэфармацыі ў Каталіцкай Царкве, накіраванай, у тым ліку, на процідзеянне пратэстантызму. Заручыўшыся падтрымкай ваяводы, мяшчане, якія карысталіся правам суда над святарамі і распараджэння царкоўнай маёмасцю, сталі супраць уніі.
Затое ўнію прыняў Свята-Троіцкі манастыр. Менавіта ў гэты манастыр пачаў хадзіць і спяваць на крыласе Ян Кунцэвіч. У перыяд свайго навучання купецкай справе ён займаўся найперш царкоўнай самаадукацыяй, і як толькі ў 24 гады скончыў навучанне купецтву — выбірае манаскі шлях і паступае ў Свята-Троіцкі манастыр. Тады ж Ян быў пастаўлены ў дыяканы з імем Язафат.
Настаяцелі царквы часоў паслушніцтва Язафата не вылучаліся ні вялікімі ведамі царкоўнага жыцця, ні ўзорнасцю паводзін, таму ў манастыры Язафат не мае настаўніка і вучыцца галоўным чынам з царкоўных кніг. Гэта самавуцтва становіцца прычынай шматлікіх аскетычных нагрузак, якія ўзваліў сабе на плечы Язафат, кіруючыся прыкладам айцоў-пустэльнікаў з жыццяў святых. У той час дыякан праводзіў для нешматлікіх вернікаў усе богаслужэнні сутачнага кола, у прыватнасці, пры частай адсутнасці прэсвітара. Акрамя таго, Язафат апранае валасяніцу, спіць на падлозе, а ўзімку моліцца, прастойваючы ночы на камені каля царквы.
Тады ж Кунцэвіч перапісвае ў сваёй келлі ісіхастаў, містыка Ніла Сорскага і, натхнёны імі, знаходзіцца ў затворы, практыкуючы Ісусаву малітву. Гэты стан стараннасці і гарачай веры манаха прыводзіць да таго, што Язафат, не маючы іншых настаўнікаў, ледзь не ўцякае з манастыра з юродзівым вандроўным манахам, каб пераймаць яго жыццё.
Нягледзячы на стварэнне пры манастыры семінарыі, з настаўнікамі і вучнямі якой Язафат кантактуе, стан яго адзінокага манаства доўжыцца амаль чатыры гады, пакуль новым настаяцелем царквы Святой Тройцы ў 1607 годзе не становіцца Язэп Вельямін Руцкі. Ён атрымаў адукацыю ў Празе, Вюрцбургу і Рыме і, стаўшы настаяцелем, ужо меў план рэформы манастыра па каталіцкіх узорах. З прыходам новага настаяцеля і дзякуючы прыкладу жыцця Язафата пачынаюць з'яўляцца і новыя манаскія пакліканні. Пасля таго, як Язэп Руцкі ўклаў сваю спадчыну ў разбудову манастыра — расце і колькасць святароў. У 1609 годзе Язафата пасвячаюць у прэсвітары.
Як святар асаблівую ўвагу ён надае споведзі і пропаведзі. Не абмяжоўваецца манастырскімі мурамі і выходзіць да пропаведзі і споведзі ў горад. Спавядае ён бясплатна і спавядае ўсіх, чым людзі, якія прывыклі спавядацца раз на год і за грошы — шчыра здзіўляюцца. Язафат нават стаў спаведнікам наёмнага забойцы, які здзейсніў замах на прадстаяцеля ўнійнай мітраполіі Іпація Пацея. Замах праваліўся, але ніводны святар — праціўнік уніі, не жадаючы выдаваць сваю сувязь з замахам, не ішоў спавядаць забойцу перад пакараннем смерцю. Адзіным святаром, які прыйшоў да нападніка, быў Язафат Кунцэвіч. Ён выспавядаў і прычасціў вязня.
Не меншую ўвагу надае ён і вулічным размовам і пропаведзям. Вядома, што на яго пропаведзі сцякаецца вялікая колькасць народу, а дзякуючы размовам і дэбатам Язафату ўдаецца навяртаць да уніі моладзь. Праз гэта апаненты празвалі Язафат «Душахватам».
У 1613 годзе Руцкі становіцца Кіеўскім мітрапалітам, а Язафат узначаліў Свята-Троіцкі манастыр. За гэты час слава пра манастыр і яго парадкі, якія пазней ляглі ў аснову базыльянскага ордэну, шырыцца. Абіцель расце і знаходзіцца ў ёй ужо да шасцідзесяці манахаў. Таксама а. Язафат апякуецца стварэннем новых манастыроў і рэфармаваннем старых. У прыватнасці, ён зрэфармаваў служэнне ў Жыровічах і спрычыніўся там да заснавання манастыра, што аж на гербе Жыровічаў пазней адлюстравалі св. Язафата.
У 1614 годзе Язафат вяртаецца ў Вільню, але ўжо ў статусе архімандрыта Свята-Троіцкага манастыра. Дзякуючы гэтай абіцелі Вільня становіцца інтэлектуальным цэнтрам уніі. У час архімандрыцтва Кунцэвіча друкуецца першы ўнійны служэбнік, дадаткам да якога змешчана навука пра здзяйсненне богаслужэння. Гэта навука была адаптацыяй аналагічнага рыма-каталіцкага трактата, але аказалася настолькі актуальнай, што паўплывала не толькі на унійную традыцыю, але і на мясцовае праваслаўе. Да сённяшняга дня, у пераробленым выглядзе, гэтая навука прысутнічае ў служэбніках РПЦ пад назвай "Учительное известие".
У 1617 годзе Язафат намінаваны на біскупа-памочніка Полацкай архіепархіі. Сам Язафат шматлікімі спосабамі пазбягае гэтага прызначэння і нават сур'ёзна разважае над магчымасцю ўцёкаў. У гэтым выпадку справа хутчэй не ў пацерыковых гісторыях, дзе намінант уцякае ад біскупскай годнасці праз адчуванне сваёй нягоднасці, а ў самой архіепархіі. Бліжэйшая да Маскоўскага царства, яна была найдалей ад асяродкаў уніі. Цэрквы ва ўсёй епархіі кантраляваліся тады не 90-гадовым унійным біскупам Гедэонам, а мясцовай шляхтай, "якая ключы ад храмаў у сябе мела і на сваё меркаванне святарам выдавала". Таксама шляхта атрымлівала з цэркваў, якія належалі архіепархіі, даходы і карысталася прадастаўленымі цэрквам правамі.
Руцкі, які і прапанаваў кандыдатуру Язафата, настойваў, што менавіта Язафат можа справіцца з навядзеннем царкоўнага парадку і вяртаннем законнай маёмасці. Язафат гэтыя чаканні апраўдвае. У 1618 годзе, пасля смерці папярэдніка, ён становіцца біскупам Полацкім і пачынае рэформу архіепархіі.
Найперш уладыка збірае духавенства на сіноды, дзе падкрэслівае, што яны непадсудныя свецкім людзям, падмацоўваючы свае словы канонамі Усходняй Царквы. Язафат стварае правілы для святароў сваёй архіепархіі, заахвочваючы іх да малітвы і споведзі, а таксама да навучання людзей Ісусавай малітвы.
Іншым кірункам дзейнасці ўладыкі з'яўляецца адсуджванне ў свецкіх судах царкоўнай маёмасці і пошук грошай для разбудовы Полацкага сабора, у якога правальваўся дах.
У гэты ж час Язафат пачынае будаваць і ўласную грабніцу ў катэдры і рыхтуецца да смерці, адчуваючы небяспекі, якія чакалі ўладыку паўсюдна. У той час узнікае таемны саюз, які збірае грошы на забойства ўладыкі. Яны здзейснілі некалькі замахаў на жыццё Язафата. Полацкая ўлада раіць Язафату як мага больш трымацца горада і сваёй катэдры і не раз'язджаць па архіепархіі. Аднак Язафат выпраўляецца з візітацыяй у гарады, якія шмат гадоў не бачылі ў сваіх сценах ніводнага біскупа, бо папярэднік Язафата за грошы «адступіў» права на кіраванне цэрквамі і святарамі гэтых гарадоў мяшчанам. На ўездзе ў Магілёў сустракаюць Язафата з гарматамі. Нягледзячы на гэта, Полацкі ўладыка не адступае і раз за разам выйграе судовыя пазовы супраць мяшчан і аднаўляе ўладу над цэрквамі.
Уладыку праследуюць шматлікія паклёпы. Аднаўляючы віцебскую катэдру, для рэстаўрацыі былі знятыя іконы, а замест гэтага распаўсюдзілася чутка, што іконы ўладыка туды ніколі не верне, каб перавесці людзей на рыма-каталіцызм. Распаўсюдзілася таксама чутка, што служыць Язафат ужо ў лацінскіх рызах. Усе гэтыя чуткі ствараліся для арганізацыі замаху на Язафата, які ўвянчаўся поспехам у Віцебску ў 1623 годзе.
Нагодай для паўстання мяшчан стала затрыманне слугамі Язафата праціўніка уніі — святара-правакатара Іллі. Нават пасля таго, як Язафат загадаў адпусціць Іллю — напад на рэзідэнцыю біскупа не спыніўся. Язафат забараніў страляць у нападнікаў, таму яны без перашкод уварваліся ў біскупскія палаты. Уладыка выйшаў насустрач натоўпу са словамі «Дзеці, чаму б'яце маіх слуг: калі маеце нешта супраць мяне, вось я». Па словах сведкаў — народ спыніўся і супакоіўся, але выйшлі наперад двое людзей і засеклі Язафата сякерай.
Пасля смерці пачаўся рабунак жылля біскупа. З-за таго, што Язафат быў апрануты сціпла і на целе меў валасяніцу, забойцы не паверылі, што забілі біскупа, а таму спрабавалі знайсці кагосьці для апазнання цела. Акрамя нешматлікіх слуг, прыцягнулі да сведчання, што забіты з'яўляецца сапраўды Язафатам Кунцэвічам, мясцовых юдэяў. Яны не толькі засведчылі, што забіты гэта сапраўды ўладыка Полацкі, але і выратавалі ад смерці параненага дыякана ўладыкі.
Язафат быў забіты ў нядзелю 12 лістапада 1623 года. Забойцы хацелі, каб цела Язафата ніколі не знайшлі, а таму кінулі яго ў раку, але праз некалькі дзён цела ўдалося адшукаць і пахаваць у Полацку. Пазней, у часы царавання Пятра I, мошчы Язафата былі схаваныя ад маскоўскіх агрэсараў, і ў выніку былі перададзены ў Рым, дзе яны знаходзяцца зараз у базіліцы св. Пятра. У 1643 годзе, пасля даследавання жыцця і абставінаў смерці, Язафат быў абвешчаны блаславёным, а ў 1867 годзе — святым усёй Каталіцкай Царквы.
Эдуард Берднік
Каментары:
