“Ідзіце на ўвесь свет і вясціце Евангелле ўсяму стварэнню” (Мк. 16, 15).
Такімі словамі з Евангелля ўваскрослы Ісус пасылае сваіх вучняў, каб яны працягнулі місію Айца. Ісус і сёння робіць тое ж: кліча мужчын і жанчын і пасылае іх так, як першых вучняў.
Палюбіўшы Хрыста і Божую Маці ўсім сэрцам, св. Альфонс Марыя Лігуоры, пачуўшы заклік Хрыста, абірае жыццё, поўнае евангельскай любові - несці слова тым людзям, якія больш за ўсё маюць у гэтым патрэбу. Першымі ён сустрэў бедных пастухоў у гарах каля Неапалю (Італія). І сёння, дзякуючы адважнаму кроку аднаго чалавека, амаль у 80-ці краінах свету наступнікамі св. Альфонса, аб’яднанымі ў Кангрэгацыю рэдэмптарыстаў, абвяшчаецца слова Адкуплення, гэтае магутнае слова - місія вызвалення чалавека з кайданаў граху.
Патрабуем святых пакліканняў для місіі Хрыста Адкупіцеля. Шукаем адважных верных асобаў, якія б маглі несці Добрую Навіну кожнаму чалавеку, што прагне Слова Адкуплення. Ужо больш за год рэдэмптарысты Львоўскай правінцыі праводзяць сваё служэнне на беларскай зямлі сярод народу, які больш за ўсё пацярпеў ад палітыкі савецкага атэізму, каб прапаведаваць тут «вялікае Адкупленне» і ідэал адзінства Царквы Хрыстовай.